Нашы кветкі — радасць воку, Хваляць іх таму заўжды. А пахваліце плады, Як скаштуеце з іх соку. Вішню, персік, яблык спелы Выбірайце не на вока, Бо яно ж і схібіць лёгка, Тут язык — дарадца ўмелы. Кветкі могуць быць апеты, Можна з іх вяночкі плесці,— А румяны плод паэты Пераважна любяць есці. Аб’яднаемся, кабеткі, Будзе шмат прыгожых пар! Прадамо плады і кветкі — Разам збудзем наш тавар. У зацішачку ў альтанцы, Адышоўшы трошкі ўбок, Кожны можа ўзяць каханцы Кветку, плод або вянок. Пад гукі гітар і тэорбаў абедзве групы з песнямі раскладваюць і развешваюць тавар.
Маці і дачка.
Маці
Ты прыйшла на белы свет І чапец надзела; Хараство ў табе, імпэт, Пешчанае цела. Як цябе я спавіла, Так у думках аддала За каго хацела! Дні цяклі, цяклі гады, Добрыя, благія; Разбрыліся хто куды Жаніхі былыя. З тым у танец, з тым у скок, Таму локцікам пад бок — Клопаты пустыя. І залёты, і лато Марнай тратай выйшлі, Не прыбіўся аніхто, Нават трэці лішні. Сёння дурняў хоць касі, Ты ўжо шчасця не ўпусці, Міг удачы ўвішны. Да маці і дачці падыходзяць сяброўкі, маладыя і прыгожыя; гучная задушэўная гутарка. Уваходзяць рыбакі і птушкаловы з нератамі, сіламі, вудамі і галінкамі, памазанымі завабным клеем на птушак, і ўліваюцца ў натоўп жанчын. Пачынаецца гульня ў даганялкі; вясёлы смех, жарты, намёкі.
Дрывасекі (уваходзяць груба і развязна)
Ану, з дарогі, Малодкі, дзевы! Мы валім дрэвы — Дубы, яліны, Трашчаць галіны! — Адтопчам ногі! Павагу майце Да працы чорнай І нас не лайце. Паўсюль падзелы: Той круціць жорны, Той хлебец белы Жарэ ў тры горлы. І мы пацеем: Сячом вам дровы — А вы здаровы, Бо мы вас грэем. Полішынелі{139} (блазнавата, амаль прыдуркавата)
Дурному праца Якраз прыдасца, А мы мазгуем