Паэтамі ўпрыгожваюць піры.

Герольд

Хваліцца — майстар на ўсе рукі, Лепш пакажы свае нам штукі.

Хлопчык-каляснічы

Вось пстрыкну пальцамі, адразу Усім вам будзе па алмазу.

(Пстрыкае.)

Бач, спражкі, брошкі, перлаў ніткі, Карона залатая, срэбра зліткі, Пярсцёнкі, шпількі, бранзалеты. І феерверкам на бакі Я рассыпаю светлякі,— Вось так агонь распальваюць паэты.

Герольд

Як прагна рынулася зала І да каштоўнасцяў дапала! А каляснічы ў цэнтры маскараду Кідае жменямі прынаду, Як рыбам кашу на падкорм. Гармідар, валтузня! — Садом! Але я знаю фокусы паэтаў, Цану іх штучных бранзалетаў. Той, думае, што мае кашалёк, А гэта проста матылёк, Другі хапае медальён, Глядзіць — вачам не верыць ён: Варушыцца ў далоні жук І раптам — пырх! угору з рук! Без лішняй рызыкі і слоў Усіх на смех падняў хлапчук — Дарослых дурняў і аслоў.

Хлопчык-каляснічы

Тлумачыў маскі добра ты, аднак Заглянуць у нутро не змог ніяк, Бо сутнасць рэчаў, з’яў, падзей — Не для герольдавых вачэй. Але даволі гэтага! Пара Звярнуцца нам да ўладара!

(Да Плутона.)

Скажы, чаму, з якой прычыны Ласкава ты даверыў мне ляйчыны Фурманкі гэтай і хіба Ты недзе знойдзеш лепшага раба, Які хутчэй бы коні ўпрог І мчаў цябе да перамог? Хіба не я адважна зброю браў, І бараніў цябе, і славу здабываў? І ці не здольнасцю паэта-хлапчука Дамогся ты лаўровага вянка?

Плутон

Калі ты хочаш сведчання, — скажу: Майго ты духу дух, і я табой І ганаруся, й шчыра даражу. Мой скарб — нішто! Багацце — розум твой! Найдаражэйшая карона — твой вянок! Перад усімі сёння прызнаю, Што ўсю любоў бацькоўскую сваю Табе адпісваю, сынок.

Хлопчык-каляснічы (да натоўпу)

Як шчодра я вам раздаю Прыязнасць і любоў сваю. Агонь свяшчэнны тых дароў То ззяе навакол галоў, То ўгору раптам шугане, То іскрай чэзлай мільгане, Тут загараецца, там не;
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату