Заўсёды спраўны. Дык разбірайцеся ж на пары! Хай вушы з кудзеркаў тарчма, Хай і кірпаты нос на твары — Нам, фаўнам, гэта ўсё дарма! — Працягне фаўн капыт абранцы І ўжо трасецца ў дзікім танцы. Сатыр
А следам скача зух Сатыр, Казёл пажадлівы, бабздыр, Як скнара, спрытны ён, імклівы, Паджары, жылісты, смяшлівы, Упіты водарам свабоды, Ён дзікі, вольны сын прыроды, Глядзіць з пагардай на пыхлівы, Хімерны люд, пусты народ — Ад іх жыцця адзін смурод. А ён, Сатыр, — прыроды цар, Палян і пушчаў уладар. Гномы{149}
За ўсімі борздзенька, бягом, Трушком, трушком шыбуе гном. Замест адзежы — мох, сучкі, Пад імі лямпы-светлячкі. Сярод бясклопатнай гурмы Снуём, нібы мурашкі, мы. Адным мы — духі дамавыя, Другім мы — слугі дармавыя, Бо з нетраў і багатых скал Руду бяром, з руды — метал. Заўжды вітаюць людзі нас: «У добры час! У добры час!» Хоць выдаём мы на-гара Багата рознага дабра, Ды йдуць металы з той руды У рукі рознае брыды: Купцам, зладзеям, махлярам, Яшчэ й — заплечных спраў майстрам, Усім, хто божы запавет Знядбаў за прыгаршчы манет. Віны ў тым нашае няма,— Як мы, цярпіце ціск ярма! Волаты
І ў Гарцы ёсць свае паны, І мы для іх — як дзікуны. Прыйшлі к вам голыя мы ўсе — Ў найпершароднейшай красе,— Галінкі-лапачкі ў руках, Вяночкі з красак на баках, З лістоў, з галінак фартушкі — Ці ў папы ёсць эскорт такі! Хор німфаў{150} (абступіўшы вялікага Пана)
Вось бог палян, Лясоў, імшар, Вялікі Пан — Прыроды цар! Мы танцам радасным сваім Уладара развесялім. Не шле спакою, свежых сіл Яму блакітны небасхіл, Хоць добры ён, за нас гарой. І толькі плёскат вод парой Навеяць можа моцны сон. Калі засне на траўцы ён, Рака суцішвае свой плыў, І зеляніна паш і ніў Ляніва цэдзіць гойны пах; І не сваволіць вертапрах — Гарэзны вольны вецярок, Каб не ўстрывожыць незнарок. Дрымота і санлівы чад Атуляць вочы німф, наяд. У час, калі з лясных харом Пакоціцца, нібыта гром, Кліч Пана па гарах, палях,— Агорне ўсіх панічны страх,— І дрогнуць воіны ў баях. Дык слаўся ж, пасланец вясны, Вялікі Пан, кумір лясны!