Дэпутацыя гномаў (з дарамі вялікаму Пану)
Нібы нітка ў лабірынце, Нас вядзе праз поўны змрок Ў жылы золата ў граніце Наш чароўны пасашок. Мы шукаем пад зямлёю Скарбы ў цемры, як краты, Каб іх шчодраю рукою Раздаваў падданым ты. Нам адкрылася крыніца Золата і серабра, Да канца нам не прабіцца, Ўсё не выдаць на-гара. Толькі ты, вялікі Пане, Можаш золата здабыць, І тады багацце стане Ўсім аднолькава служыць. Плутон (герольду)
Без патурання лішнім перашкодам Падзеі пусцім натуральным ходам Турбацый колькі будзе навакол! Усе тут клясціся пачнуць зацята, Што, бачыце, іх з краю хата,— А ты усё натуй у пратакол. Герольд (дакрануўшыся да жазла, якое Плутон не выпускае з рук)
У коле гномаў крочыць Пан Туды, дзе вогненны фантан. Шугаюць, рвуцца з глыбіні Агністай лавы струмяні. А Пан, нагнуўшыся, стаіць, Глядзіць, як зеўра зіхаціць, І злева, й справа вадаспад З агню віруе; Пан пагляд, Схіліўшыся, кіруе ўніз… О, гэты ўладароў капрыз! Як часта ад цябе бяда! Упала ў жэрла барада. А ён, наставіўшы далонь, Усё ўзіраецца ў агонь. Аж тут назад віхор узнёс Клубок распаленых валос — І ў Пана ўжо на галаве Другі клубок агню раве. Гармідар, вэрхал, дым і чад, Хто лезе ўперад, хто назад, У шале маскі ў дзверы пруць, Адзенне Пана топчуць, рвуць. А ў віхры гэтым, у жудзе Кудзеля полымем гудзе. О ноч няшчасцяў, бед і скрух! Якіх жа новых заварух, Выпрабаванняў, слёз і зла Ты нам яшчэ прызапасла? О, што я чую! Жах, кашмар! — «Пад маскай Пана — валадар!» Прапала ўсё, агнём пайшло — І цар, і царскае жытло! Пагібель нам! А мой ты бог! — Бадай, таму язык адсох, Хто апрануцца ў ліст і мох Яму параіў і памог, Хто падштурхоўваў да агню, І ўзняў гармідар, калатню! Калі ж ты, маладосць, калі З’яднаеш пал з нутром цвярозым?! Калі ж, уладнасць, ты калі З’яднаеш разам моц і розум? Заняўся парк, палае сад. Шалёны агнявы каскад, Як бура, ўсё змятае прэч, Бушуе, круціцца, як смерч. Не знаю, хто ў такой начы Нам змог бы тут дапамагчы; За ноч багаты, пышны гмах У друз рассыплецца і ў прах!