Сімвалізуе шчасце ён і дабрабыт.

Імператар

І за ашмотак гэты папяровы Даюць вам золата? Ці вы здаровы? Не бачыў свет такіх дзівос!

Кашталян

Нібы віхор паперачкі разнёс Па ўсёй краіне; за паперку мець Ты можаш срэбра, золата ці медзь. Мяняй цяпер у банках свой барыш: Мяняй туды-сюды — не прагарыш. Дае багацця ўсім закон такі: Звіхнулася паўцарства на адзежы, Паўцарства сытае ад конскай ежы, І працвітаюць крамы і шынкі, Брынчаць у корчмах лыжкі, міскі. «Ура манарху!» — Тупат, рогат, віскі…

Мефістофель

Самотна ходзячы паміж тэрас, Красуню напаткаеш ты не раз, Што вочкамі з-пад веера стрыжэ І ўсё наровіць вам у пратэжэ. Рахунак просты: бо за грошы Ты і каханы, і прыгожы. За пазухай з пісулькамі дружкоў Надзейны грошам будзе схоў. Айцы-царкоўнікі па даўняй звычцы Насіць пачнуць банкноцікі ў кантычцы, Салдату ўвогуле яшчэ лаўчэй: Папера не намуляе плячэй. Прабач, калі наш акт магутны, Магчыма, у дэталях трошкі будны.

Фаўст

Ці мала грошай, што ў зямлі Ад доўгага няўжытку пацвілі! Няма такое думкі, каб магла Абняць усё, што тайна зберагла, Няма фантазіі такое, каб Хоць бы прыблізна змерыла твой скарб. А мудрасці вялікай празарліўца Адкрыецца любая таямніца.

Мефістофель

Папера нам зручней: усё, што маеш, На ёй адразу прачытаеш, Ні фальшу тут табе, ніякай пробы — Плаці і еж на поўныя вантробы, Захочаш золата — ідзі к мяняйлу, А ён не дасць, тады з зямлі металу Якога хочаш можна накапаць, Алмазы нават можаш абмяняць. Забудзецца сумленне й паняверка, Калі ў цане ўмацуецца паперка, І ты пабачыш сам, як неўзабаве Багата будзе грошай у дзяржаве.

Імператар

За шчасце, што далі краіне і народу, Вы ад мяне прыміце ўзнагароду: З хвіліны гэтай прызначаю вас Ахоўваць нетраў залаты запас, Кантраляваць усякія знаходкі, Бо вы і месцы знаеце і сродкі. З’яднайце сілы вашыя ў адну — І золатам напоўніце казну, Каб нам вялікая карысць была Ад царстваў цемры і святла.

Скарбнік (Фаўсту)

Я абяцаю тут пры ўсім народзе З калегам чарадзеем жыць у згодзе.

(Выходзіць з Фаўстам.)

Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ОБРАНЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату