Як добра мець такога фаварыта, Што з «Тысячы адной начы» нібыта — Ты, як сапраўдная Шэхеразада; Служы, табе я шчодра заплачу, Ад галавы да ног азалачу,— Мне трэба знаўца, трэба мне парада.

Кашталян (паспешліва ўваходзячы)

Мой уладар вялікі, колькі ні служу, Не думаў, што такое далажу: Якая вестка радасная, божа мой, Ці сню, ці, можа, нешта з галавой? Звялі рахункі мы і ўсе разлікі, З ліхвярскіх вырваліся лап, усе пазыкі Мы заплацілі разам — быццам лёс Спрыяў нам стаць абранцамі нябёс.

Военачальнік (таксама спяшаючыся)

У войску дух высока ўзняты, Прысягу зноў даюць салдаты. Перамяніў нібыта нехта І маркітанку, і ландскнехта!

Імператар

Гасцінец добры вы прынеслі. Ад радасці памаладзелі І акрыялі, бы ўваскрэслі.

Скарбнік (уваходзячы і паказваючы на Фаўста і Мефістофеля)

Падзяка ім, — яны без працы не сядзелі.

Фаўст

Хай канцлер вам усё раскажа.

Канцлер (важна выступае наперад)

Я маю гонар далажыць, манарша! Дзівуйцеся — вось гэтая цыдула Нягоду на карысць нам абярнула.

(Чытае.)

«Наступным абвяшчаецца закон: Адна папера — тысяча карон; Забеспячэнне — скарбы, што былі Ў свой час схаваныя ў зямлі. Мяняць дазволена паперу гэту Па цвёрдым курсе на манету».

Імператар

Тут пахне хітрай навізной — Хто рызыкнуў сфальшывіць подпіс мой? Злачынства будзе пакарана!

Скарбнік

Які ж падман? Калі ты быў у масцы Пана На карнавале паміж нас, Табе прыносіў канцлер гэты ўказ: «Адзнач, — сказаў,— наш фэрст дабром, Для шчасця слуг тваіх чыркні пяром». Ты падпісаў: мы ж подпіс гасудараў Размножылі — сто тысяч экземпляраў. А каб нікому не было турботы, Надрукавалі розныя банкноты: Па дзесяць, трыццаць, пяцьдзесят — І кожны сёння мае, кожны рад. Зірні на горад: людзі там галелі, Цяпер ад шчасця нібы пашалелі; Тваё імя і так вядома ўсім даўно, Цяпер на цэлы свет грыміць яно. Твой подпіс — новы ўклад у алфавіт,
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату