Блазен

Мне ўваскрасаць не навіна.

Мефістофель

Сп’янеў, не выпіўшы віна!

Блазен

І гэта грошы? Смецце гэта? Цьфу!

Мефістофель

Купляй і еш да стогну ў трыбуху!

Блазен

Няўжо куплю я быдла, хату, хлеў?

Мефістофель

А ўжо ж! Абы ты ўдосталь грошай меў!

Блазен

І лес, і ворыва, і ўлоў рачны?

Мефістофель

Глядзі, а мне казалі — ён дурны!

Блазен

Куплю маёнтак — і пайду з двара!

(Выходзіць.)

Мефістофель (адзін)

Ого! Яго ж на трон садзіць пара!

Цёмная галерэя

Фаўст. Мефістофель.

Мефістофель

Чаго вядзеш у змрочныя праходы? Няўжо ў прыдворнай мітусні Не можаш ты знайсці нагоды Для трапных жартаў і хлусні?

Фаўст

Пакінь малоць. Раней, бывала, Што ні скажу — табе ўсё мала; Цяпер жа ты хаваешся за фразу І не даеш мне яснага адказу. Між тым не трэба ўводзіць двор у зман. Мне ўжо і так нагадваў кашталян Пра імператарскі капрыз: Ён хоча, каб Алена і Парыс Красы антычнай яркі цуд Яму явілі сёння тут. Рабі! Я слова даў! Чарга твая!

Мефістофель

На словах ты заўсёды — што-та я!
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату