Фаўст

Дык гэта ж я з табою, кампаньён, Да выбрыкаў такіх даехаў. Спярша азалацілі трон — Цяпер жывых шукаем смехаў.

Мефістофель

Дарма спрашчаеш мой намер: Прад намі высачэзныя драбіны — Мы, ідучы да новых сфер, Лічыцца з цяжкасцю павінны: Алену выклікаць, мой пан харошы, Цяжэй, чым штампаваць пустыя грошы. І ты шышыг, кікімар, чараўніц, Маіх вядзьмачак і блудніц Забудзь, ты іх раўняць пакінь Да старажытных гераінь.

Фаўст

Пайшла катрынка зноў дуднець! З табой ніяк не вылезеш з нягод, Навыдумляў уяўных перашкод, Каб за парады плату мець. Не скавычы. Дастань. Ты ж, балазе, Спраўляцца ўмееш на адной назе.

Мефістофель

Паганцам я не ўказ, прыход не мой — Свае там Зеўсы ў іх, Люцыпар свой. А выйсце ёсць.

Фаўст

                       Хутчэй кажы!

Мефістофель

Адкрыю тайну, хоць не ад душы: У адзіноце недзе царствуюць багіні. Няма ні часу, ні прасторы ў іхняй сферы. Сказаць баюся, слова ў горле стыне — То — Мацеры{152}.

Фаўст (уражаны)

                       Як? Мацеры?

Мефістофель

                                          Дай веры!

Фаўст

О Мацеры! — Дзівосныя хімеры!

Мефістофель

Так, так! Дзівосна! Мацеры! Смяротна Зямная плоць, таму і неахвотна Табе таемнасць адкрываю. Смяротным не спасцігнуць іх глыбіні, Ды хочаш ты — і мы зрабіць павінны.

Фаўст

А як прайсці туды, калі спытаю?

Мефістофель

Да іх няма дарогі!
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату