Фамулюс
Прабачце, што ў гаворку дзёрзка лезу, Але аспрэчыць мушу вашу тэзу: Ён ветлы, сціплы ў абыходзе, І ён не ведае, куды Знік Фаўст; і Вагнер на самоце Яго чакае доўгія гады І шчыра моліцца, каб бог Вярнуцца доктару памог. А кабінет ягоны з той мінуты Стаіць цалюткі і замкнуты, Ніхто не стаў і на парог. Што зорная гадзіна шле ў пакой? Замкі сарваны, ў страху сцены — У прадчуванні перамены. І вы тут стрэліся са мной. Мефістофель
А дзе ж настаўнік ваш? Чаго Вы не паклічаце яго? Чаму ён сам не прыйдзе? Фамулюс
Наказаў Не адрываць яго ад важных спраў. Каторы месяц на самоце Сядзіць, аддаўшыся рабоце. Чысцёха быў, вучоны ад папер,— Як вуглякоп замурзаны цяпер. У сажы рукі, вочы, твар,— А ўсё ён дзьмухае на жар І совае ў вуголле клешчы. У бразгаце ён чуе голас вешчы! Чакае адкрыцця. Мефістофель
Шкада! Дарэчы, Яму пасобіць мог бы каля печы. Фамулюс выходзіць.
(Мефістофель важна садзіцца.)
Я толькі сеў, як у харомы Другі ідзе! Стары знаёмы! Ну, гэты з новых, з тых прайдох, Што на хаду ірвуць падноскі з ног. Бакалаўр (шумна ідзе па калідоры)
Дзверы насцеж, прэч з дарогі! Ну, цяпер я пэўны трохі, Што і ў цвілі, што і ў пыле, У захламленай магіле Чалавек не задыхнецца І жывому адгукнецца. Сцены тоўстыя, скляпенні, Як руіны, ў запусценні — Трэба тут ступаць памалу, Каб не выклікаць абвалу. Не баяўся я ніколі, Сёння ж страх у сэрца коле. Чым я тут памножу веды? Колісь я ў будынак гэты Першакурснікам прыдыбаў, Слухаў і вачыма лыпаў, Верыў блазнам барадатым, Іх парадам дурнаватым. Кніжнай мудрасцю дурылі, Глупства вучням гаварылі, Далучалі да маралі Той, што самі не прымалі. Вось адзін з іх, барадаты, Сцеражэ свае пенаты.