О! Творыцца! І згустак чорны Паволі складваецца ў формы. Мая работа марна не прапала — Бо што прырода арганізавала, То наша воля цвёрдая і сіла Цяпер даследчым розумам стварыла. Мефістофель
Хто доўга жыў, той знае вашы цуды, Нічога новага не ўбачыць ён: І я, вандруючы спакон, На штучных людцаў наглядзеўся ўсюды. Вагнер (уважліва сочыць за колбай)
Блішчыць субстанцыя… плыве… Яшчэ хвіліна… міг… і ажыве! Няхай мой план на выгляд дзікі, Аднак у будучым наш мозг вялікі Утворыць дасканалы, невантробны Мозг-сінтэз, нашаму падобны. (З захапленнем разглядвае колбу.)
Звініць, блішчыць чароўна шкло І выпраменьвае святло, А ў колбе вырасла да вечка Жывое цельца чалавечка. Прыроды тайна паддалася мне! Жыцця ўжо мной уведана аснова. Вы чуеце? Ужо на дне Гучыць… Гучыць жывая мова! Гамункул{158} (з колбы Вагнеру)
А вось і я! Дзень добры, татка! Бязгрэшнага зачацця я дзіцятка! Дык пацалуй, дай буські ад душы! Не цісні гэтак! Шкла не раздушы: Прыроднае — ў бязмежжы і імкненні, А штучнае — ў граніцах і замкненні. (Мефістофелю.)
Каго я бачу! Дзядзечка-шальмец! Як ты дарэчы. Проста маладзец! Калі ўжо выпадак цябе ці лёс У палестыны нашыя занёс, Парай ад сэрца мне, як карацей Знайсці шляхі да працы і людзей. Вагнер
Дай мне сказаць! Даўно наспела, Усіх турбуючы, праблема, як жа так Дапасаваліся душа і цела, Што не разлучацца ў жыцці ніяк? Між тым вядома — недарэмна Яны варожыя ўзаемна. Мефістофель
Душу пяшчотную не руш. Спытай: чаму не ладзяць жонка й муж? Чаго вас, пане, ў эмпірэі цягне? Тут справа ёсць — дзіцятка працы прагне. Гамункул
Што ж мне рабіць? Мефістофель (паказвае на бакавыя дзверы)
Спяшай хутчэй углыб жыцця. Вагнер (замілавана гледзячы на колбу)