Быў з людзьмі заўсёды шчыры, Востры, ясны меў пагляд, Ты спяваў, іграў на ліры І кахаў красунь дзяўчат. Ты памчаў, як утрапёны, Прагнучы вялікіх спраў, Нашы звычаі й законы Ты міжволі занядбаў. Сцвердзіў мужнасць і адвагу Чыстым розумам юнак. Найвышэйшага ты прагнуў, Ды здабыць не змог ніяк. Хто ж здабудзе? Хто закрые Браму гора і пакут? — Акрываўлены тут ные Пад ярмом уціску люд. Песня, ў сэрцы зноў ўваскрэсні! — Годзе скрушліва рыдаць! Як зямля раджала песні, Так і будзе іх раджаць! Доўгая паўза. Музыка заціхае.
Алена (Фаўсту)
На мне стары прысуд якраз збываецца: Што не жыве з красою шчасце доўгае. Кахання і жыцця слабеюць повязі. Даруй мне, я кажу, свой лёс аплакаўшы, І абдыму цябе яшчэ — на жаль! — апошні раз. Прымі ж мяне, о Персефона, з дзіцеткам. (Абдымае Фаўста, цялеснае знікае, а плацце і пакрывала застаюцца ў яго ў руках.)
Фаркіяда (Фаўсту)
Адну сукеначку ад шчасця маеш! Не выпускай яе, мацней трымай, Бо дэманы раптоўна вырвуць з рук І панясуць у царства небыцця; Няма тваёй багіні, не шукай! Але хавай заўжды яе адзенне — Царыцын дар цябе ўзнясе ў эфір І над зямным узвысіць, там лунай — Мы там пазней сустрэнемся з табой. Адзенне Алены расплываецца ў воблака, акружае Фаўста, падымае яго і адплывае разам з ім. Фаркіяда падымае мантыю і ліру Эўфарыёна, і, патрасаючы імі, ідзе на авансцэну і гаворыць.
Нішто знаходачка для нас! Святы агонь даўно пагас — Не буду мучыцца са светам, Пакіну вопратку паэтам, Каб не звялася іх забава І лірных песень гуд і слава. Хай талентаў іх не ўваскрэшу, Дык хоць пазычу ім адзежу. (Садзіцца на авансцэне каля калоны.)
Панталіда
Спяшайцеся, дзяўчаты! Чары ўпалі з нас, Закляцце знята фесалійскай злосніцы, Гучанне знікла сказаў, хітра сплеценых, Што розум зацямнялі й слых бянтэжылі. Чакае нас Аід! Мы за царыцаю Таропка паляцім; няхай Прыгожую Служанак хор суправаджае, верны ёй, Ля трона Недаступнай з ёй сустрэнемся. Хор
Усюды царыцам прыстанішча ёсць: Нават у змрочным Аідзе Роўныя з роўнымі сыдуцца там І з Персефонай кампанію водзяць. Нам жа бавіць свой час На палях асфадэльных{237}, Між таполяў пасохлых. Як кажаны, як сляпыя, Будзем шаптацца мы безнадзейна. Панталіда