Хто не здабыў сабе імя шаноўнага,Хто не імкнецца да высакароднага —Той раб стыхіі! Знікніце ж цяпер усе!Мяне мой лёс заве з царыцай разам быць,—З усіх заслуг найболей вернасць узвялічвае.
(Выходзіць.)
Першая частка хору
Шалахценнем дрэў галлістых, шумам і павевам ветруГаласы свае прыглушым; і з зямлі карэннем сокіЖыццядайныя пагонім у раскошную лістоту.Пругкім калівам узыдзем, кветкамі цвісці пачнём.А плады нальюцца сокам,— адусюль збяруцца людзі,Каб спажыць зямны ласунак, каб сабраць багаты плён.Перад намі, як багамі, кожны схіліцца тады.
Другая частка хору
Мы прытулімся лагодна да паверхні скал адвесныхІ пачуем шчэбет птушак, шум далёкі чаратовыІ жахлівы покліч Пана. І на ўсё мы ўраз адкажам:На цурчанне вод цурчаннем, на грымоты грозным громам,З сілай новаю, падвойнай, з сілай тройчы больш магутнайМы абрынемся адразу, заглушаючы грымоты.
Трэцяя частка хору
Мы, імклівыя сястрычкі, ручаямі пабяжым,Бо чаруюць нас і вабяць далячыні і пагоркі,Паплывём да долаў дольных, арашаючы палеткі,Пашы, градкі, і загоны, і сады вакол сядзіб.Кіпарысы, ясакары нашы рэчышчы абступяць,Уздымаючыся ў неба роўным строем паабапал.
Чацвёртая частка хору
Вы гуляйце, дзе вам люба. Мы абступім і абвеемКожны схіл і кожны ўзгорак, дзе на лозах спеюць гронкі —Плён руплівых рук і сэрца вінаградара, якомуЗлая суш заўсёды сніцца, што ўраджай яго знішчае.Ён акучвае, капае, падразае лозам голлеІ падвязвае да тычак, і з малітваю да богаЁн звяртаецца заўсёды. Толькі Бахус бесклапотныПра слугу свайго зямнога мала думае і дбае,—Ён ляжыць у халадочку, з маладым жартуе фаўнам,Каб навеяць сон і мару, пахмяліцца з асалодай.Бурдзюкоў ён мае многа, розных чарак і глякоў.Гэта ўсё ахвяраванні, гэта дар людзей, удзячныхЗа спагаду і прыхільнасць бога хмелю і віна.Ды калі багі памогуць, першы Геліёс праменны,І напоўняць вінаграду гронкі сокам і святлом,Ажыве і сад зялёны, і старанны вінаградар —Зашуміць лістота ў садзе,