Здаровы, жывы, непаніклы. Усцішу ўсё роўна Я сілай чароўнай. А ці не з пекла, Пачвара, ты збегла? Што ж, тады, можа, Знак гэты паможа{24},— Біч вашай хеўры! Шчэцце тапырыцца, вырачыў зеўры! Пахіба, страшыдла, Пякельнае быдла! Той знак — Хрыстовы, Той знак — суровы, Знак божае ўлады, Святое спагады! Думаў, што пудзель, аж ён Вырас, раздаўся, як слон, Кут засланіўшы і печ, Хоча туманам расплыцца, Сіліцца вырвацца прэч. Не, я прымушу пачвару скарыцца! Гнеў мой — магутны, пагрозы — не жарты! Полымем знішчу, шаленец упарты! Не чакай — Агню, небам тройчы ўладарна ўславёнага!{25} Не чакай — Пакуль буду вымушан я да сабакі шалёнага Найлепшы з усіх маіх сродкаў ужыць! Туман рассейваецца, і з запечка выходзіць Мефістофель, апрануты вандроўным шкаляром.
Мефістофель
Навошта гвалт? Я рады вам служыць! Фаўст
Дык вось дзе сутнасць пса! Шкаляр Вандроўны! Казус смеху варты! Мефістофель
Салют, васпане! Проста ў жар Мяне кідаюць вашы жарты. Фаўст
Скажы імя сваё. Мефістофель
Як можа той, Хто пагарджае думкай, словам, Хто зазірае ў сутнасць, верачы замовам, Цікавіцца такой лухтой? Фаўст
Імя звычайна добра кажа, Дзе крыецца ўся сутнасць ваша: І вельзевул, і загубіцель душ, мой пане, І проста шарлатан з яго прагляне. Дык хто ж ты? Мефістофель
Частка сілы той ліхой, Дабро ўтвараецца з якой. Фаўст
А сэнс які! Утойваць недарэчна! Мефістофель