З сапраўдным дужацца арлом. Імператар
Кругамі водзяцца, плывуць І вось ужо ў клубок спляліся, У горлы кіпцюры ўпіліся, Вось пер’е глюгамі скубуць. Фаўст
Глядзі, як гэты носьбіт зла Падцяў аблезлы хвост ільвіны І пад ударамі арла У лес упаў, на верхавіны. Імператар
О шчасны міг! Хай будзе так, Як нам вяшчае дзіўны знак. Мефістофель (праваруч)
Не, у нас яшчэ ёсць порах! Адступае подлы вораг, Левы фланг падаўся, слабне, Наш ваяка помсты прагне. Наступ ён вядзе геройскі На збянтэжаныя войскі. Клін загубны ў віхры бою Ён убіў у цэнтр іх строю, Флангавым манеўрам нашым Ворагаў дашчэнту спляжым. Сёння гэты бой крывавы Вырашае лёс дзяржавы. Богу ўдзячную малітву Час тварыць за гэту бітву. Імператар (злева, да Фаўста)
Глянь! Там нашы легіёны, Не ўтрымаўшы абароны, Адкаціліся назад. Камянёў для прашчаў мала? Ці адвагі нам не стала? Ці не ясны наш загад? Вораг лезе ўжо на скалы, Захапіў і перавалы… З вашых чар няма карысці — Давядзецца локці грызці. Паўза.
Мефістофель
Ляцяць пасыльныя вароны З якімі весткамі? Ці плённы Быў рэйд па войсках і тылах. Імператар
З нядобрай весткаю нібыта? У крылах іх адчай і страх — Аж неяк мне несамавіта. Мефістофель (да крумкачоў)
Падсядзьце, птушачкі, бліжэй да вуха! Хто з вамі раіцца гатоў, Таго не страшыць заваруха. Фаўст (да імператара)
Ты чуў пра верных галубоў, Пра тое, як ляцяць дамоў З чужое далечы яны? І гэтым служаць нам заўсёды, Нясуць бо весткі міру, згоды. А вораны — ганцы вайны.