Мефістофель

Ад гэтых штук і ў смельчака Са страху задрыжыць рука.

Фаўст

Ужо вада зліваецца ў патокі, З цяснін плыве на дол шырокі, Клубіцца, стогне і раве, На скалы пырскае ашмоццем пены Ці праз круты парог каменны Каскадам рушыцца і глебу рве. Цяпер няма патрэбы ў абароне, Бо ў гэтай прорве ўсё патоне! — Я сам ад страху аж трымчу.

Мефістофель

Спалохаўся? Відовішчы такія Заўсёды душы ўражваюць людскія,— А я гляджу і рагачу. Скрозь мітусня, гайсанне без канца, А хто й на сушы ўжо дае нырца, Бо думаюць, што тонуць у вадзе — Варожы стан у жудасці гудзе. Такую ўчворыў я пацеху, Хоць ты бяры і мры ад смеху.

(Крумкачы вяртаюцца.)

Хвалю за службу, крумкачы! Вы зноў павінны памагчы: Хутчэй у кузні! Там ля горна, Дзе ад куродыму ўсё чорна, Куюць метал і камень карлы, Над імі вогненныя барвы. Няхай яны агонь бліскучы Скуюць, траскучы і пякучы, Скуюць няхай мне прамяні! Хоць бо дрыготкія зарніцы, Падучых зорак бліскавіцы Улетку — невялікі цуд, Аднак жа светлякоў мігценне І знічак на зямлі сіпенне Усё-такі памогуць тут! Здабудзьце вы мне гэта просьбай, А ў крайнім выпадку і — грозьбай.

Крумкачы ляцяць. Усё робіцца, як загадана.

Заслала цемра стан варожы, Заселі войскі ў бездарожжы, А светлякі ў цямноцці ночы Мігцяць і пырскаюць у вочы. Цяпер для поўнага разгрому Нам не хапае толькі грому.

Фаўст

Старая зброя з рыцарскіх скляпоў Цяпер няхай паслужыць зноў,— Няхай гудзе, трызвоніць і бразгоча І ў зман праціўнікаў угоніць!

Мефістофель

Як добра ўсё і як дарэчы У міжусобнай калатнечы! Нібы ў далёкай даўніне, Калі, сустрэўшыся ў чарговай сечы, Шукалі гвэльфы й гібеліны Рашэння спрэчак у вайне, Так сёння рыцары павінны Рахункі зводзіць і рахубы На полі марнае загубы, А ўсе інтрыгі, спрэчкі партый Даюць чарцям у рукі карты. Бо сатана ж усім на злосць Дурных пад’юджвае, як хоча, Дурныя б’юцца, ён рагоча — Вось гэта ісціна і ёсць.

У аркестры баявітае бязладдзе, якое паступова пераходзіць у бадзёрыя маршавыя матывы.

Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату