Шырэй прыпол, хапай, збірай — Жыццё пачнецца — чысты рай! Хапайла
Даволі! Годзе! Нам пара! Заграбуха (устае)
Авой! У падале дзіра. Пакуль дахаты занясу, Дык па дарозе растрасу. Целаахоўнікі імператара-пераможцы
Вы што тут робіце ў шатры? То ж — імператара куфры. Хапайла
І мы за рызыку ў вайне Павінны браць сваё ўдвайне. Такі спрадвеку ў войску звычай — Салдаты кормяцца здабычай. Целаахоўнікі
У нас такое не ў залік, Бо наш салдат не рабаўнік; Служыць узяўся, то служы, Салдацкі гонар беражы. Хапайла
Сумленнасць знаю вашу я — Ёй кантрыбуцыя імя. Усіх адзін хрысціў вас поп; І той герой, хто больш нагроб. (Да Заграбухі.)
Нясі, і ўсё! Бо іх, як гразі, Сумленнікаў, што пнуцца ў князі. Выходзяць.
Першы целаахоўнік
Але чаму ты недавярку Не ўрэзаў ад душы па карку? Другі целаахоўнік
У ім такое штось было, Што ўраз мне сілу адняло. Трэці целаахоўнік
І мне — аж зелена ўваччу. Дык дзе ж яго я правучу. Чацвёрты целаахоўнік
Адно скажу, бо знаю сам — Дзянёк гарачы выпаў нам: Гармідар, вэрхал, сумятня, Наўкол крывавая разня. Плыла перад вачамі мгла, Зямля стагнала і гула. Цяпер варожае карэ Насамі ўжо зямлю арэ. Спрыяла, пэўна, неба нам: Перамаглі, а як — няўцям.