Ліпняк і хатка, хай гараць; Адтуль бязмежнае раздолле Я з вежы буду сузіраць. Забудуць горыч і нястачу На новым месцы бедакі, Багаццем шчодра ім аддзячу — Хай радасць ім нясуць дзянькі.

Мефістофель і Трое Дужых (унізе)

Прабач! — благая навіна, Аж кроіць сэрца нам яна. Мы ў хатку грук, мы ў хатку бразь,— Замкнута! — хоць вужом падлазь. Мы далікатненька, з пляча, Шукаем рады без ключа. Мы просім іх учатырох — А тым — што аб сцяну гарох, Такія ўпартыя карчы, Што хоць ты там крычма крычы. Тады, каб часу не губляць — Давай сілком іх умаўляць! Ну, умаўлялі, умаўлялі — Аж тыя ў страху і сканалі. Там быў вандроўнік, кіем трос — Мы і яму падцерлі нос. Пакуль ішла там калатня,— Ад іскры нейкай парахня Ўзялася ўраз, і ў нейкі міг Агніска праглынуў усіх.

Фаўст

Ці вы маіх не чулі слоў, Хацеў я мены — не разбою. Я вас кляну за гвалт і кроў. Праклён дзяліце між сабою.

Хор

Старыя словы зноў збыліся: Вялікай сіле пакарыся, Калі ж ты з ёй ідзеш на бой, То домам рызыкні й сабой.

(Выходзяць.)

Фаўст (на балконе)

На небе блякне высеў зор, Агонь прытух, курыцца двор. Вятрэц дыхнуў, і ў ноздры мне Куродымам і чадам тхне. Мы ўсё зглумілі тым разбоем! Ах, што там мроіцца такое?..

Апоўначы

З’яўляюцца чатыры сівыя жанчыны.

Першая

Завуся Галечай.

Другая

                       Завуся Віной.

Трэцяя

Завуся Турботай.

Чацвёртая

                       Завуся Бядой.

Галеча, Віна, Бяда

Няма да багатага ў дом нам хады:
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату