Турбота
Звычайны госць. Фаўст
Ідзі адсюль! Турбота
Адгэтуль не пайду! Фаўст (спачатку разгневаны, потым супакоены, сам сабе)
Не заклінай! Бо выклічаш бяду! Турбота
Падпаўзаю я нячутна, Уладару я магутна І па-рознаму чыню Сваркі, бойкі, калатню. На палях, у моры, лесе Мой праклён у сэрца ўлезе. Я не пешчу, не лагоджу І да ўсіх сама прыходжу. Ты што, не ведаеш турботы? Фаўст
Я ўсё жыццё імчаў бягом, Хапаў з налёту асалоды, Пустыя абмінаў прыгоды, Нектар кахання піў нагбом, Што ўзяць не мог, таго не браў! Жадаў, задавальняў свае жаданні, І зноў жадаў, і ў бурным парыванні Шукаў вялікіх, важных спраў, Па свеце бег як апантаны — Цяпер я стаў разважлівы, рахманы. І хоць прайшоў я цалкам круг зямны, Але ж яшчэ не горне да труны. Дурны, хто марыць, што туды ён пойдзе І там братоў сваіх духоўных знойдзе! Калі дапытліва пражыць, Дык гэтым светам можна даражыць, Бо ўсё спазнанае мы можам уяўляць, А вечнасць нам не дадзена спазнаць. Мудрэц адлічвае гады свае, Яго з дарогі вечнасць не саб’е. І ён у руху гэтым і трывозе Не спыніцца здаволены на паўдарозе. Турбота
Хто супроць маёй улады — Свету беламу не рады, Бо таго я днём і ноччу Цемрай вечнаю марочу, Вочы й зоркаму я выем. Хай ён скарбамі ўладае, Хай ён талент рэдкі мае,— Будзе ён як старац з кіем: Ў шчасці ўцехі ён не знойдзе, Пры багацці — з торбай пойдзе, Пільным справам і работам Ён заўсёды скажа: «потым». Пройдзе часу — мала-многа, Бач, не зроблена нічога. Фаўст
Чаўпеш пустое без канца; Пакінь! Твой знаю нораў подлы! Задураць нават мудраца Твае літаніі і модлы. Турбота
Што рабіць? Куды падацца? —