Усё, што я паспеў зрабіць для шчасця. Я, прадчуваючы трыумф надзей маіх, Жыцця перажываю лепшы міг. (Фаўст падае.)
Лемуры падхопліваюць яго і кладуць на зямлю.
Мефістофель
Глядзіце, ўжо здаволіўся зямным, Ён — прах, ён — прывідны зыбучы дым! Хацеў цудоўны міг спыніць! І сам жыцця парваў ён ніць! Змагаўся ён са мною, траціў сілы — І вось фінал: упаў каля магілы. Гадзіннік стаў!.. Хор
Маўчыць гадзіннік на сцяне, Упала стрэлка. Мефістофель
Нарэшце! Добра мне. Хор
Жыццё прайшло! Мефістофель
Прайшло? Нікчэмны гук! Як гэта так прайшло? Прайшло — дык значыць, як і не было! Нашто ж тады ўвесь час ствараць? Каб створанае разбураць? «Прайшло!» Што значыць гэта? Ўсё адно Як бы не існавала ўвогуле яно, А мроілася яваю жывой. Я ж бачу сэнс у вечнасці пустой. Лемур (сола)
Хто збудаваў такі дамок? Хто тут капаў лапаткай? Лемуры (хор)
У саване ляжы, кумок, І здавальняйся хаткай. Лемур (сола)
Пакой без мэблі. А чаму? Чаму ўсё так убога? Лемуры (хор)
Бо напавер далі яму, Вярнуць прыйшлося многа. Мефістофель
Усё! Душа вось-вось пакіне плоць! Распіску прад’яўлю — магчыма, будзе ўдача Падставіць ножку чорту — не задача. Перахапіць душу шмат сродкаў ёсць, Цяпер плююць на важны дакумент. Шляхі старыя з’езджаныя ўшчэнт, На новую ж не пусцяць нас дарогу. Дажыў! Павінен зваць на дапамогу!