Прэч адкідайце! Толькі лагодаю Высушыш слёзы, Толькі пяшчотаю Ўсцешыш нябёсы.

Мефістофель

Пячэ мяне анёльскай ласкі сіла Мацней за сатанінскае гарніла! Бягуць мае! На страту сатаны З тугою азіраюцца яны. Услед любві сваёй такімі вось вачыма Глядзіць пакінуты мужчына. А я? Як ненавідзеў я анёлаў раць, А сёння вочы аж гараць! Чым так яны скарылі сатану, Чым так яны мяне прычаравалі, Што ворагі нібы і даспадобы сталі, Што я гляджу на іх і не кляну? Дазнаўшыся, што мне яны па мыслі, У пекле ўсе б ад рогату аж кіслі. Ды я, прызнацца, палюбіў такіх дзяцей — Вунь як патурылі маіх чарцей!

(Да анёлаў.)

Не бойцеся мяне, ідзіце смела, Люцыпаравы дзетачкі,— я знаю вас. Пацалаваць радню мне вельмі закарцела, І вы тут сёння ў самы раз! Любіць бясконца вас гатовы, Нібыта мы — адна сям’я. Гляджу на вас, як кот марцовы, Аддаць вам сэрца рады я. Ідзіце ж, дзеткі, весялей.

Анёлы

Мы падышлі, ты адступіў далей. Не бойся, не пакрыўдзім сатану!

(Запаўняюць усю сцэну.)

Мефістофель (адціснуты на авансцэну)

Усе грахі на нас вы валіце заўсёды, А самі ведзьмары высокай пробы, Бо сееце сярод людзей адну ману. Дык вось які ён, гэты ваш адказ! — А я ж хачу любві і ласкі, Мяне вы надзіце; калі пабачу вас, Дык прагну я шчаслівае развязкі. Што ж, апускайцеся — я буду рад. Хоць вам сур’ёзнасць і да твару, Аднак я свецкасць вашу ўбачыць мару, Усмешачка вам будзе ў акурат, Яна б мяне адразу паланіла, Калі б залётнай рысачкаю міла Свяцілася ў куточках губ. Вось ты, вышэйшанькі, мне вельмі ж люб, Ты без папоўшчыны, без гэтай расы Любому быў бы вабны й ласы. Паадзяваліся зусім без ладу, А дэкальтэ вам болей прыстае. Вы любы мне, прызнацца, нават ззаду!.. Ах вы, спакуснічкі мае!..

Анёлы

Полымя любасці, Яснае мудрасці Грэх утаймуе, Праўду ўшануе, Лютасць адвее, Ласкай сагрэе — Знойдзеш свой дах У райскіх садах.

Мефістофель (спахапіўшыся)

А як жа я? — А я ў струпах, бы Йоў, Сябе самога азірнуць жахліва. Агледзеўшыся, трыумфую зноў, Бо з заварухі выйшаў я шчасліва. На скуры след пакінула любоў, А больш нідзе няма ні знаку. Цяпер, калі прыцьміўся бляск агнёў,
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату