Пара ў зямлю перабірацца. Лемуры (капаюць з крыўляннем і выкрутасамі)
Калісь і я прыўдала жыў І бавіўся заўзята, Кахаў, сваволіў, не тужыў — Жыццё ішло, як свята. Ды старасць подлая цішком Падставіла кульбаку, І спатыкнуўся я, і ўжо — Магіла небараку. Фаўст (выходзіць вобмацкам з палаца, трымаючыся за плот)
Як стук рыдлёвак лашчыць слых! Як спорна праца йдзе! Тут скора Вялікі мол разрэжа мора І спыніць гвалт стыхіяў злых — Ён будзе міратворчаю мяжой. Мефістофель (убок)
Калі тут выйгрыш чый, дык толькі мой! Твой мол, канал, твае палацы Не варты ўкладзенае працы — Нептун зруйнуе ўсё, бо ён жа чорт! Як ні стварай, а вынікі благія, Тут з пеклам заадно стыхія, І пойдзе прахам свет, як гэты порт. Фаўст
Наглядчык! Мефістофель
Тут! Фаўст
Сачы і дбай, Працоўнай сілы здабывай, Грашыма, ласкай заахвоць, Прынукаю ці іншым ладам, І да мяне штодзень з дакладам Аб выніках работ прыходзь. Мефістофель (напаўголаса)
Гатовыя і дамба, і канал, Чакаю толькі я — каб ты сканаў. Фаўст
Не скорана пагібельная багна, На плён, здабыты мною, зеўрыць прагна, Ды я каварную стыхію змушу Аддаць захопленую сушу Мільёнам рупных пасялян. Няхай пагрозай вечнай калыхацца Ля дамбы будзе грозны акіян, Свабодны люд і радасная праца Шчаслівым зробяць гэты ўбогі край, І на зямлі яны здабудуць рай. Няхай раз’юшаны марскі прыбой Аб дамбу хвошча, люта б’е — Народ з’яднанаю сям’ёй Стыхію грозную скуе. На запавет мой гэты скіраваны Усе мае зямныя справы, планы, Увесь цялесны і духоўны гарт. Дык вось канечны вынік мудрасці людской: Што толькі той жыцця і волі варт, Хто кожны дзень за іх ідзе на бой. Хай так жыве стары і малады. Калі б у працы ўбачыў я заўсёднай Народ свабодны на зямлі свабоднай, Імгненню б я сказаў тады: «Цудоўнае, спыніся! — панясу З сабой у вечнасць я тваю красу». Не можа ў вечнасці прапасці