Нядобра нам! Цяпер што ні бяры: Старое права і закон стары — Апоры не даюць, не маюць сілы. Раней я не дзяжурыў ля магілы, Не меў ні клопату я, ні трывог. Калісь душа была сумленнай, з цела З апошнім стогнам прэч яна ляцела,— Я ж гэту мышку лёгка цупнуць мог. Цяпер душу дачасна і не руш — Яна трымаецца за цела і за косці, Пакуль стыхіі ў барацьбе і ў злосці Не выганяць яе. Ты ж, лоўчы душ, Сядзі, пільнуй, затоіўшы апаску, Калі яна, нарэшце, зробіць ласку. Ці то ў старое Смерці сілы мала, Ці мо яна касу не адкляпала? Глядзіш на труп: усё, застыла кроў,— Аж не — ужо заварушыўся зноў! (Заклінае дзіўнымі фантастычнымі рухамі, раскідваючы рукі, як крылы.)
Ну, рыцары рагоў, на падстрахоўкі Цяпер і вы падайце чорту лапу. Вядзіце служку д’ябальскай гартоўкі, Вядзіце пекла найвыдатнейшую зяпу! Хаця на рангі ўсе і на ранжыры Распісаны ў нас кожны чортаў рог, На гэты ж раз мне трэба служка самы шчыры Каб завяршыць дастойна эпілог. Злева раззеўрылася жудасная геенская пашча.
Як іклы ляскаюць! Паток крывавы Плыве павольна ў невыносным сквары, Тыз устае з агню пякельнай лавы. Над ім клубы клубяцца едкай пары, Смала клякоча ў горле; і няма канца Пакутам грэшнікаў, што ў марнай веры Ратунак вынайсці ў кіпучай серы То вынырнуць, то зноў даюць нырца. Не ўратавацца ім ад жудаснай пачвары, І паглынае пашча ўсе надзеі іх, Патолі ўжо не знойдуць тут ахвяры, Іх лёс — гібець у рэках агнявых. Хай гэта страшыць грэшнікаў усіх, Хай пакарае за хлусню й ліхія мары. (Да тоўстых д’яблаў з кароткімі прамымі рагамі.)
Сачыце, тлустыя праныры, цмокі, Дзе фосфар свеціцца, дык там яна, Крылатая Псіхея{250}, нам відна, Зяўнёце — кінецца душа наўцёкі, Глядзіце мне, каб хітрая не збегла. Дастаўце мне. Я крылцы ёй скручу, Прышлёпну ўраз пячаткай пекла І ў тартарскі агонь яе памчу. Глядзіце не спускаючы вачэй З так званых ніжніх сфер. Хто знае — Магчыма, там яна і пажывае. Праз пуп ёй выскачыць лягчэй,— Тады ўжо злуйся ці не злуйся. А дагані і пацалуйся! (Да худых д’яблаў з доўгімі закручанымі рагамі.)
Вы, лайдакі крылатыя і бабздыры, Удзень цікуйце пільна і ўначы, Напагатоў трымайце пазуры, Не дайце ў рай душы ўцячы. Яна пакіне цёмную нару, Бо геній-дух заўсёды мкне ўгару. Прамяністае ззянне ўгары справа.
Нябеснае воінства
Сіла нябесная, Раць бесцялесная, Рынь у палёт. Грэх выкупляем, Прах ажыўляем. Ціха, рахмана, Богу аддана Веру ўшануем — Божы аплот!