У час грымотных навальніц І там даліну арашаюць. Маланкі крэсляць далягляд, Паветра чысцяць, асвяжаюць І разганяюць дым і чад. І гэта звестуны любові, Яе адвечны, творчы рух. У весняй радаснай абнове Прачніся, мой застылы дух. Абмежаваны ты і скуты І боль хаваеш, і дакор. О божа! вызвалі з пакуты, Душы і сэрцу дай прастор!

Pater seraphicus

Айцец анёлападобны (сярэдняя сфера)

Што за хмарка праплывае Над лясістаю гарой? Здагадаўся — там лунае Юных духаў светлы рой!

Хор шчасных хлопчыкаў

Край нязнаны, невядомы Спадабаўся назусім. Дзе мы, дзе мы? Хто мы, хто мы? Адкажы нам, ойча, ўсім.

Pater seraphicus

Ноччу роджаныя, скора Узляцелі вы увысь Родным, блізкім на сум-гора, А Эдэму на карысць. Дадзена любві ахвярнасць Вам здалёку адчуваць. Шчасце, што зямную марнасць Не паспелі вы спазнаць. Будзьце ж тут са мной, як дома, Уваходзьце ў вочы мне, І на белы свет свядома Кожны з вас тады зірне.

(Прымае іх у сябе.)

Вунь лясок, вунь пыл лятучы, Вунь ручай шуміць, грыміць, Абрываецца ён з кручы, Каб дарогу скараціць.

Шчасныя хлопчыкі (з сярэдзіны)

Выгляд велічны; ды цесны, Вельмі змрочны гэты край, Нас пужае ён, злавесны. Адпусці нас, не трымай.

Pater seraphicus

Ў сферы вышніх вам дарога; Пад эдэмаўскім шатром Там вялікай ласкай бога Прасякайцеся нутром. Вы, бязгрэшныя, ў эфіры, Што гасподняй сілы поўны, У любві і ў вечным міры Знойдзеце спакой духоўны.

Шчасныя хлопчыкі (кружацца над самай высокай вяршыняй)

Ручкі падымем, Вянком іх спляцём, Госпада гімнам Славіць пачнём. Шчырым, ласкавым Верым псалмам. Той, каго славім, З’явіцца нам.
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату