Анёлы (лунаюць у верхняй атмасферы, несучы несмяротную часціну Фаўста)
Высокі дух з цянётаў зла Дабіўся вызвалення. Хто жыў з імкненнем да святла, Таму даём збавенне, З любоўю шчыраю каго Мы радасна вітаем, У сонм анёлаў мы таго Сардэчна запрашаем! Анёлы малодшыя
Ружамі з рук тых пакорных, Што пакаяліся богу, Здабылі мы перамогу Над саюзам сіл тлятворных І забралі скарб духоўны. Там гучаў харал чароўны. Мы там песні распявалі, Мы там ружы рассявалі,— І ўцякалі ў пекла чэрці, Не здабыўшы плёну ў смерці. Боль любві спазналі духі. Сэрца рвалася ад скрухі І ў самога Сатаны. Анёлы больш дасканалыя
Астанкі на руках Узносіць цяжка, Будзь хоць з азбесту прах — Ён — тлену частка. Былі з’яднаны цесным У ім саюзам Духоўнае з цялесным. Не можа вузаў Падвойнае прыроды Рваць сіла наша. Любоў іх назаўсёды Адна развяжа. Анёлы малодшыя
Нешта нявіннае Зыблецца, тоіцца І над вяршыняю Марывам мроіцца. Хмаркі празрыстыя Скрасілі смутак, Рэюць там чыстыя Душы малютак. Клопаты марныя Іх не кранулі, Душы бясхмарныя Шчасця ўдыхнулі. Хай жа і гэты дух Зведае вечны рух, Ў сферах свяшчэнных Хай прабывае, З сонмам нятленных Хай адлятае. Шчасныя хлопчыкі
Прымем ласкава к нам — У наша кола. Бачым пад саванам Мы ў ім анёла. Будзе ён вольны, Будзе раскуты, Дух яго здольны Вырвацца з путаў. Doctor Marianus{252} (у найвышэйшай, найчысцейшай келлі)
Ўгору ўзносіцца дух, Да сфераў празрыстых. Дзевы лунаюць наўкруг Воблакам чыстым. Велічны зорны вянок