сферы і толькі пасля таго, як дасягнулі найвышэйшай ступені маральнай дасканаласці. Гётэ выкарыстоўвае многія палажэнні спірытызму Сведэнборга як паэтычныя вобразы.
Богападобны вобраз я. — Дух Зямлі стаіць ніжэй за бога. А чалавек — «вобраз і падабенства бога» (Кн. І Майсея), таму, на думку Фаўста, чалавек вышэйшы за Духа Зямлі.
О ліха!.. Лабарант мой — фамулюс. — Фамулюс: тут — сакратар, звычайна з ліку студэнтаў.
Камедыянт, хай грае вельмі ўдала,/Не пераплюне кардынала. — Магчыма, намёк на вучонага тэолага Карла Фрыдрыха Барта, які ў 1773 г. выступіў з прапановай, каб будучыя свяшчэннікі бралі ўрокі ў акцёраў.
Хор анёлаў. Хор жанчын. Хор вучняў.— Хор у саборы. Сцэна вытрымана ў форме папераменных спеваў свяшчэнніка і хору. Строфы перадаюць біблейскія тэксты з Евангелля паводле Мацвея (27 і 28 — І хор анёлаў), Лукі (24 — хор жанчын і ІІ хор анёлаў), Іаана (19 і 20 — хор вучняў і ІІІ хор анёлаў).
Над плашчаніцаю гудуць яны. — Плашчаніца — покрыва з вобразам Ісуса Хрыста. Выстаўляецца ў царкве за два дні да Вялікадня, у «вялікую пятніцу».
Раздзел напісаны прыблізна ў 1798–1801 гг.
Мой добры бацька праблукаў…/На пошасць выйшла падзівіцца. — Расказваючы пра лекарскую практыку бацькі, Фаўст мае на ўвазе апісанне доследаў алхімікаў па здабыцці «каменя мудрасці», які павінен даць золата, мудрасць і вечнае жыццё. У лабараторыі (чорная кухня) спалучаюцца (вянчаюцца) сера (чырвоны леў) з вокісам ртуці (лілея — срэбра або саляная кіслата) у гарачай вадзе (купель) на слабым агні. Доследы паўтараюцца з ужываннем розных рэактываў (для шлюбнай тайнасці шукалі кут). Юная царыца — дэстылат, «амалоджаная зямля», дачка цара Льва і царыцы Лілеі. Адэпт — алхімік, залатароб; прыхільнік, супольнік, уведзены ў тайны алхіміі. Юная царыца — таксама камень мудрасці.
Духі поўначы, поўдня, усходу і захаду. — Розныя вятры.
Раздзел напісаны прыблізна ў 1800 г.
«Было спачатку Слова!» — Пачатак Евангелля паводле Іаана, які выклікаў шмат спрэчак і тлумачэнняў у тэолагаў. Шматзначнае грэчаскае «логос» — слова, паняцце, розум, дзеянне.
Ключ Саламона. — Старажытная яўрэйская кніга заклінанняў элементарных духаў, аўтарства якой прыпісвалася цару Саламону (лац. Clavicula Salomonis). Ключом Саламона закліналі гномаў, эльфаў, дамавікоў, вадзенікоў, лесавікоў, г. зн. духаў стыхій, названых Фаўстам «напаўсатанінскімі». «Чатырох закляццяў», аднак, у гэтай кнізе няма.
Замова Чатырох. — Для заклінання чатырох элементарных стыхій, з якіх, паводле старажытных вераванняў, складаецца свет: агню, зямлі, вады і паветра. Кожная стыхія мае свайго духа. Саламандра — земнаводнае з чырвонымі плямамі, сімвал духу агню, Ундзіна — дух вады (лац. unda — хваля), Сільфіда — дух паветра, Кобальд або лац. Incubus — дух зямлі.