Знак гэты паможа. — Крыж з вобразам Збавіцеля (Хрыста) і надпісам JNRJ (Jesus Nazarenus Rex Judaeorum) — Ісус Назарыцянін Цар Іудзейскі).
Не чакай—/Агню, небам тройчы ўладарна ўславёнага. — Заклінанне знакам святой тройцы (Бацькі, Сына, Святога Духа).
А, пентаграма сыну тла… — Пентаграма, ці пентальфа — старадаўні містычны знак у выглядзе пяціраговай зоркі, якая пяць разоў паўтарае літару А; усходняга паходжання, пасля была запазычана піфагарэйцамі, потым стала сімвалам Ісуса Хрыста, менавіта таму таймуе д’ябла.
Я — цар мышэй і пацукоў,/Мух, вошай, жаб і павукоў.— Чорт, вельзевул. Уяўленне пра князя цемры як пра цара ўсякай нечысці ўласцівае хрысціянскай дэманалогіі.
Сцэна напісана ў розныя гады; сцэна з вучнем — у 1769 г., перапрацавана ў 1788 г., сцэна заключэння пакта — у 1800 г.
Пракляты будзь і ты, Мамон. — Мамон, мамона — скарб, сімвал багацця і скупасці.
Collegium logicum (лац.) — курс логікі, з якога пачыналася вучоба ў тагачасных універсітэтах.
Душу ў гішпанскія абуюць боты. — Гішпанскія боты — сярэдневяковая прылада для катаванняў, якою драбілі косці ахвяры.
Encheiresis naturae (лац.) — сіла, спосаб дзеяння прыроды; грэчаскі тэрмін старой хіміі.
Навучаць вас рэдукаваць,/Па нормах класіфікаваць. — Рэдукцыя — лагічная аперацыя звядзення паняццяў да асноўных катэгорый, класіфікацыя — падзел лагічных паняццяў на класы; — тэрміны логікі.
Eritis sicut Deus, scientes bonum et malum (лац.). — Будзеце, як бог, ведаць дабро і зло. Гэтымі словамі змей спакушаў Адама і Еву.
У свет малы, пасля ў вялікі свет. — Мяшчанскі свет невялікага мястэчка ў першай частцы трагедыі — малы свет, і дзяржаўна-палітычная, сусветна-гістарычная, навукова-мастацкая арэна ў другой частцы — вялікі свет.
Сцэна напісана ў 70-я гады і ўваходзіць у «Прафаўст». Піўніца Аўэрбаха была месцам студэнцкіх вечарынак. У часы Гётэ там былі дзве фрэскі, на адной з якіх быў паказаны студэнцкі банкет з удзелам доктара Фаўста, на другой Фаўст, які ляціць вярхом на бочцы.