Мефістофель

А што ж, я вам ахвотна веру, Хоць страх турбуе ўсё адно: Жыццё кароткае не ў меру, Мастацтву ж краю не відно — Пара вам гэта знаць даўно. Такія мары толькі для паэтаў. Няхай пясняр лунае як найвышай І значнасць слынных запаветаў На вашым гордым чэрапе запіша: Адвагу львоў, Імпэт і грацыю аленя, Іспанца агнявую кроў І скандынаўскую настойлівасць імкнення. Няхай дабро з падступніцтвам ён звяжа, Хай таямніцы вам пакажа, Як згодна з планам трэба жыць — Каго кахаць, а з кім дружыць. Каб я такога рызыканта знаў, Яго б я Мікракосмам зваў.

Фаўст

Тады хто ж я, калі карона Маіх жаданняў і надзей На галаву маю ўпадзе Па ласцы спрытнага патрона?

Мефістофель

Ты быў і будзеш сам сабою. Хай ты вясёлы, хай ты хмурны, Надзень парык, абуй катурны — Усё адно ты будзеш сам сабою.

Фаўст

Людскога духу скарбы я збіраў дарма, Стараўся марна імі ўсцешыць сэрца — Імпэту новага ў душы няма, І сіла свежая ў грудзях не б’ецца: Не ўзнёсся розумам вышэй, Ні да бясконцасці бліжэй.

Мефістофель

Але ж не бачыце вы ў рэчы Сапраўднай вартасці яе. А трэба розумам далегчы — І ўжо яна карысць дае. Ты маеш ногі, рукі, зад, Жыві, паплёўваючы ўгору, І карыстайся ўсім падрад, Сабе не робячы дакору. Тры пары жарабцоў запрог — Іх сілай ці ж не я ўладаю? Два тузіны здаровых ног Замест сваіх уласных маю. Глядзі на рэчы весялей! Развагі прэч! За мной смялей! Скажу табе: разумнікі ўсе вашы — Як тое быдла; ўлева-ўправа Злы дух іх водзіць па стаптанай пашы, Хоць навакола свежая атава.

Фаўст

З чаго ж пачаць мне?

Мефістофель

                                Свет багаты. Хадзем, пакінь свае пенаты: Не бачу сэнсу ў тым, каб ты Капаўся ў сметніку лухты. Сусед пузаты ў вашым кабінеце Няхай вучонае зграбае смецце Ў парожнія галовы блазнюкоў. Адзін такі ў размовах споры — Таўчэцца, чую, тут у калідоры.

Фаўст

Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату