А мне здавалася — віно. О богі! Брандэр
Адкуль тады ўзяліся сад і лозы? Альтмаер
Цяпер паверу ў цуды і цвярозы! На нізкім ачагу — кацёл. У пары, што высока падымаецца над катлом, узнікаюць розныя вобразы. Малпа-самка сядзіць ля катла, збірае шум і сочыць, каб варыва не пабегла. Малпа-самец з дзецьмі сядзіць побач і грэецца. Сцены і столь увешаны рознымі дзіўнымі вядзьмачымі прыладамі.
Фаўст. Мефістофель.
Фаўст
Нашто прывёў мяне ты ў гэту яму, Дзе столькі дзікасці і столькі хламу? Няўжо твая клыбатая вядзьмарка Паможа скінуць лішнія гады, І зноў я стану малады, І зноў каханне ў сэрцы ўспыхне ярка? Калі ў табе юнацкі пал патух, З нямогласці не выберашся сам, Бо ані злы, ані святы прачысты дух Не дасць патрэбны мне бальзам. Мефістофель
Мой дружа, зноў разумна кажаш ты! Я сродак ведаю — каб толькі згода,— А ён запісаны у кандуіт святы — Яго падказвае сама прырода. Фаўст
Хутчэй кажы. Мефістофель
Я даць рэцэпт гатоў — Памаладзееш так, што будзь здароў. Спяшайся ў поле ці на луг, У рукі серп вазьмі ці плуг, Практычны розум свой Не замыкай у цесны круг, Карміся сам, паруш душы спакой, Сабе за ганьбу не лічы ніколі Рабіць як вол і брудны гной Вывозіць на сабе на поле. Калі ты зробіш гэта ўсё, тады — І ў восемдзесят будзеш малады. Фаўст
Я не прывык, з рыдлёўкаю тым болей, На досвітку хадзіць у поле, За ўшчэрбным я жыццём не паганюся. Мефістофель
Вось тут якраз паможа нам бабуся. Фаўст
Няўжо ты сам, без гэтага страшыдла, Не падасі, што трэба, мне на стол? Мефістофель
Разменьвацца на дробязі абрыдла.