Фаўст малады. Праходзіць Маргарыта.
Фаўст
Хачу красуню папрасіць Паненцы праважатым быць.{49} Маргарыта
Красунь, паненак тут няма — Дайду дадому і сама. (Вырываецца і выходзіць.)
Фаўст
Дальбог, такая прыгажосць, Наўрад ці дзе на свеце ёсць! З прывабнай строгасцю — хаця Дзяўчо, амаль яшчэ дзіця. О, як мне вобраз гэты люб! Румянец шчочак, чырвань губ, Бляск гэтых вочак з-пад павек Мне не забыць ужо навек! Адно ўжо тое вельмі міла, Як лёгка мой наскок адбіла. Уваходзіць Мефістофель.
Глядзі, каб дзеўку мне дастаў! Мефістофель
Якую? Фаўст
Ёй я дарогу заступаў. Мефістофель
Ах вось! У пробашча яна была І ачышчалася ад зла, Грахі яму нявінная насіла. Падгледзеў я — ля спавядальнай будкі Стаяла, як анёл чысцюткі — А гэтакіх мая не пераможа сіла, Фаўст
За чатырнаццаць ёй пераваліла. Мефістофель
Ты — як распуснік пошлы, гадкі, Што хціва кветачкі кахання рве, Якому толькі ў галаве — Залёты і нявінныя дзяўчаткі. Ці не завельмі ты, мой пане, спрытны? Фаўст
Дарма! Пакінь, магістр амбітны, Свае маралі, трапныя здагадкі — Абрыдлі мне яны. Без лішніх слоў: Калі я гэтай ноччу зноў Дзяўчыну мілую не ўбачу, Лічы — ў табе партнёра трачу! Мефістофель
Не ўсё ж наскокам, дарагі! —