Каб поспех быў адразу нам відзён. (Выходзіць.)
Невялікі ўтульны пакой.
Маргарыта заплятае і падвязвае косы.
Маргарыта
Як бы хацелася мне знаць, Хто ён такі, той дзіўны пан? Рухавы, статны і, відаць, Не з простых родам, а з дваран. Я ўмомант гэта зразумела,— Трымаўся так дастойна, смела. (Выходзіць.)
Мефістофель. Фаўст.
Мефістофель
Заходзьце ціха, асцярожна. Фаўст (памаўчаўшы)
Мне аднаму пабыць тут можна? Мефістофель (агледзеўшы пакой) Такі парадачак не ў кожнай! (Выходзіць.)
Фаўст (азіраючыся)
Вячэрні морак, змрок салодкі, Акрый, акрый святыню гэту! Закуй мне розум у калодкі. Пазбаў усіх уцехаў свету — Пакінь мне толькі крылы волі, Дай мне спазнаць пакуты й болі! Які спакой, якая ціша,— Ва ўсім парадак і дагляд! Дастаткам тут і ўбогасць дыша — Утульнасць у каморцы, лад. (Смела садзіцца ў скураное крэсла каля ложка.)
Прымі ж мяне! Як і другіх прымала На трон бацькоўскі з радасцю, з журбой! Як часта дзетвары гарэзны рой Сваволіў колісь тут, бывала! Дзядулю тут каляднаю парой За шчодрыя дары дзяўчына цалавала. Я знаю, мілая, душой спрыяла Ты гэтаму парадку; не дакор Матулін тут кіруе, не прымусам Ты засцілаеш стол абрусам, Ты прыцярушваеш пясочкам жоўты двор З руплівасцю сапраўднай гаспадыні! О мілая рука! Рука багіні! Ты здольная у хатцы цеснай Зрабіць сапраўдны рай нябесны! А тут? (Падымае палог ложка.)
Святы мяне сцінае страх! Як тут спакойна, як тут міла! Прырода! У чароўных лёгкіх снах Анёлка ты ўскарміла! Яна! Яна — мая дзяўчына На гэтым ложку спала тут; — У гэтай хатцы дабрачынна Саткаўся чысты божы цуд! (Сам сабе.)
Што ж ты прынёс, нязваны госць, Сюды? Любоў, пашану, злосць? Чаго тут прагнеш? Што ў душы пануе? Цябе, о Фаўст, ужо не пазнаю я!