Мо проста выпадак занёс Цябе на шлях такой прыгоды, Калі аж млееш ты ад асалоды? — Няўжо так лёгка намі правіць лёс? Каб раптам увайшла, дык што было б? Чым апраўдаў бы дзёрзкі свой учынак? — Ты, як нікчэмны асталоп, Укленчыў бы перад дзяўчынай! Мефістофель (уваходзячы)
Яна ідзе! Бяжым адгэтуль прэч! Фаўст
Далей з чароўнага прытулку! Мефістофель
Вазьміце гэтую шкатулку — Патрэбная, скажу вам, рэч. Пастаўце ў першую шуфляду. Даю вам голаў без закладу, Што, ўбачыўшы такую лусту, Любая дзеўка з’едзе з глузду,— Расчуляць цацачкі да слёз. Фаўст
Ці зручна мне? Мефістофель
Вы што, ўсур’ёз? Мо самі возьмеце? А дзеўцы — чары? Пры вашым вытанчаным спрыце Лепш розумам сваім жывіце І не рабіце мне турбот, Каб я праз прыхамаці скнары Не надрываў сабе жывот… (Ставіць шкатулку ў куфар і замыкае.)
Цяпер мы лататы дамо! Дзіцятка ж хай сабе само Тут спакушаецца для вас. Ды нешта ў пана кіслы выгляд, Нібы на лекцыю вам час Рабіць метафізічны выклад Перад дзесяткамі вачэй. Аднак бяжым адсюль хутчэй. Выходзяць.
Маргарыта (уваходзячы з лямпай)
Тут горача і душна так… (Адчыняе акно.)
А на дварэ — не тое, што ўжо ў хаце. Мне неяк так… не знаю як… Чаму няма так доўга маці, Глядзі, і немарасць прысніцца. Якая ж я, аднак, дурніца… (Раздзеючыся, спявае.)
Уладца Фулы слаўнай{51} Меў кубак для бясед, Каханай дар, што рана Сышла у лепшы свет. З яго гаючы трунак Піў на пірах кароль, Глядзеў на падарунак,— Стаіўшы ў сэрцы боль.