Журавель{110}

У чыстай я лаўлю вадзе, Лавіць і ў бруднай рады; Падчас і сам святы ідзе Туды, дзе чэрці й гады.

Дзіця свету{111}

Ханжам — і сродкі на падбор, Сваёй паслужаць мэце. На Брокене святы сабор Яны ўзвядуць, паверце.

Танцор

Ах, новы хор! Ах, спеў які! Як гучна бубен грае! Ды гэта, пэўна, шулякі — Бубніць, буркоча зграя.

Танцмайстар

Нахрапам лезуць, пруцца ў скок, Каб спадабацца даме: Глюгасты ўверх, клыбаты ўбок, Віхляючы задамі.

Скрыпач

Гуляе зброд — і віск, і роў. Ну ж гадаўё ўцінае! Як ліраю Арфей звяроў, Катрынка ўсіх яднае.

Дагматык{112}

Не дасць мне крытыка пажыць, Не дасць спакойнай смерці — Павінен чорт жа чортам быць, Інакш навошта чэрці?

Ідэаліст{113}

Заўжды фантазія мая Не ведае граніцы. Аднак калі ўсё гэта — я, Дык дурань я дурніца.

Рэаліст{114}

Рэальнасць гэтая падчас Даводзіць да знямогі. Дальбог, не чую першы раз Я пад сабой падлогі.

Супернатураліст{115}

Гуляю тут між весялух, Свае забыўшы скрухі; Калі на свеце ёсць злы дух,— То й добрыя ёсць духі.

Скептык{116}

Агеньчык вабіць — ды ражна Усім вам, а не скарбаў, Бо рыфма «сатана-мана» Не мае іншых фарбаў.

Капельмайстар

Цвыркуны і слімакі — Проста дылетанты. Мухі, блохі і жукі — Гэта музыканты!
Вы читаете Фаўст
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату