З’еў жывую мяне! За чужую віну Маё цела сястра Палажыла ў труну. А я ў свет палячу, Я на волю хачу! Фаўст (адмыкаючы)
Каханага не бачыць. А тым часам ён Саломы шолах чуе і ланцужны звон. (Уваходзіць.)
Маргарыта (хаваючыся ў салому)
О гора! Ўжо ідуць. Там смерць ідзе. Фаўст (ціха)
Цішэй! Цішэй! Я вызвалю з турмы. Маргарыта (кідаючыся яму да ног)
Калі ты чалавек, паспачувай бядзе! Фаўст
Цішэй! Прачнецца варта, згінем мы! (Бярэ кайданы, каб адамкнуць іх.)
Маргарыта (на каленях)
Хто ўладу даў табе, злы кат, Над беднай сіратою? Чаму спраўляеш ноччу свой абрад? Няўжо ты раніцою Не можаш па мяне прыйсці? Не падыходзь! Я жыць хачу! Пусці! (Устае.)
Я маладая, нібы квет, Пакінуць мушу гэты свет? Была прыгожая — і ў тым мая віна, Са мной быў мілы друг, цяпер адна. Вянок сарваны, кветка адцвіла. Што цягнеш гвалтам ты, кацюга люты. Будзь літасцівы, Я ніколі зла Нікому не рабіла. За мае пакуты Мне стала выракам пракляцце. Фаўст
Бяды такой не выцерпіць душа! Маргарыта
Цяпер я ўся ў тваёй уладзе. Дазволь дзіцятка накарміць спярша. Яго ўсю ноч да сэрца я туліла. Дзіця ўзялі. Мяне за краты. І кажуць, я дзіця забіла. Ах, больш не дам сабе я рады. Не засмяюся ўжо шчаслівым смехам. «Паехаў мілы ў свет за рэхам» — Спяваюць пра дзяўчыну людзі! А хто тлумачыць песню будзе? Фаўст (кідаецца на калені)
Ён тут, ля ног тваіх, каханы. Прыйшоў, каб разарваць твае кайданы. Маргарыта (падае побач з ім на калені)
Папросім заступніцтва ў бога!