Толькі вось спеў не заціх — Словаў не ўцямлю ніяк.

1922

«Дарма, што значны раны…»

Дарма, што значны раны, Праз небагаты ўбор І тужны, праз туманы Відаць вачэй дакор, — Яе аблічча светла, Узорны — тканы пас, І летуценні ветлы Аб недалёкі час. Між пушч Яе сяліба, Дзе хіліцца асець, І там, дзе цьмяна скіба, Прыходзіць песні пець; І там, дзе над балотам Кудлачыцца туман, К густым рачным чаротам Мільгае лёгкі стан; І дзе над даўным сумна У неба крыж ўстае, Падгледзеў я задумнай, Маркотнаю Яе. Аддана, кім — не знаю, Душа ў Яе палон, Але няма адчаю Ў марудным бегу дзён. Надзеюся і веру Патайнаму сляду, — Нясе ў самотнасць шэру Яна маю гвязду. Малюся Ёй, упарты, Палону тайна рад: — Хай, верны, буду варты Тваіх жабрачых лат. Дазволь з Табою разам Спаткаць нядзельны час, Каб новай песні сказам Хваліці Твой абраз!

1922

«Устае туман бялявы…»

Устае туман бялявы Над балотным імшаром, Дагарэўшы, дзень ласкавы Змрок ахінвае крылом. На заходзе ў шэрых клубах Дагарае светлы пас. Я цябе чакаю, люба, Ў гэты ціхі змрочны час. Я чакаю, я гатовы, Слоў нанізываю ніць, Каб істужкай брыльянтовай Пасмы светлыя абвіць.

1922

Вы читаете Вершы
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату