І вось няма нясмеласці, разваг. Для сэрца вернага — чужынцам страх: Радзімы схоў вартуйце, маткі, сёстры! Я з грамадой іду па шчасце нам. Мой меч зіхціць, непераможны, востры. Змагуся сам — дык сотням перадам!

1924

«Хто мужны, хто смелы, хто дужы…»

Хто мужны, хто смелы, хто дужы, Хто цэлем працят залатым, Над тым неўладарныя сцюжы, І лёс не ўладарны над тым. Хто к страху глухі, безразважны, Хто з воляй каванай, як сталь, Той хмелем трывогаў адважны, І шлях яго толькі у даль. Ёсць радасць у ярасці бою, Ў змаганні скрыжованых сіл, — Спаткаць сваю волю з чужою, З гарачнасцю іншай свой пыл. Не бледнуць, у час небяспекі Стрымаць неслухмяную кроў; Прад вокам упартым павекі Не хінуць ганебна далоў. І ведаць — у бойцы зацятай Пагібельнасць жджэ ваяка, Ледзь сумніў кранецца шурпата, Ледзь крыху аслабне рука. Так досць наракаць на нядужнасць, На горкія долі свае. О думнасць! О смеласць! О мужнасць! Вам песні і песні мае!

1924

«Над нядоляй Тваёй не заплачу…»

Над нядоляй Тваёй не заплачу І на свой не пажалюся лёс, Хоць і ведаю — доля лядача І балюча, часамі, да слёз. Хоць і ведаю сум і утому І не раз давяраўся мане, Ды ці ж мне выгалошваць жывому, Запяваць паніхіднае мне? А ніколі, ніколі, ніколі: Мы — не вецер распачны зімой; Ты — застанешся верная волі, Я — на варце нязменна з Табой. Ні часіны не кінем змагання; Не аслабне, не здрадзіць далонь: Хто заквечаны кветам кахання, Той нянавісці знае агонь. Чым гусцей над Табой пацямнее, Чым цяжэй будзе крыж Тваіх плеч, — Тым запальней здымацца ўзмацнее Мой кароткі караючы меч.

1924

Вы читаете Вершы
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату