Хто душу чорную, як вугаль, Злачынствам цешыў і крывёй; Хто п'яніца, разбой, зладзюга З мізэрнай, дробнаю душой; Каму распусты жах прынадны, Хто гора топіць у віне, — Маім абдоймам тыя жадны, Прыходзяць тыя да мяне. Я ўсіх вітаю ветла, рада, — Хто б ён ні быў, хто ён ні ёсць, — Мае жаночыя прынады За плату мае ўсякі госць. Я імітую ім каханне, Ім не суджонае праз лёс, Нясмелыя дзяцей спатканні І палкасці глухі наркоз. Змушаю верыць мімаволі І жар збуджаю малады, Сама няўзрушная ніколі, Сама халодная заўжды. Ў душы адзін, адзін лятунак, Глыбока схованы на дне, — Далёкі, любы мой пястунак, — Той, хто кахаў калісь мяне. Які не смеў, не смеў ні разу Свае мне пешчы дараваць, Якога мела за абразу Ў дзявочых думках цалаваць. Цяпер і ён такі ж прапашчы, Ланцуг жыцця цягае ледзь; Ніхто, ніхто яго не лашчыць, — Лёс прысудзіў яму гібець. Цяпер, як кожны ён, як кожны — Будынак знішчаны, пусты; Час папаліў усё, што можна, З кута прыбраў абраз святы. Ды сэрца сніць пад шум асенні, І сну мне не мінуць таго, Ў маім найбольшым паніжэнні Сустрэну незнарок яго. У сэрцы будзе боль і горыч, І мы два целы, дзве труны, Мы рукі сціснем, ляжам поруч. І аб мінулым будуць сны. Як вербалозы нікнуць веццем, Так нізка схіліцца ўспамін Над нашым страшным ліхалеццем І над капцом далёкіх днін.

1926

«Не складаць мне болей песняў…»

Не складаць мне болей песняў, Не будзіць у пушчы рэх, Перад сонцам напрадвесні Не рассыплю срэбрам смех. Стала госця ля парогу, Белым вабіць рукавом: — Выйдзі, любы, у дарогу, Новы дам начлег і дом. Пашкадую дарагога, Суніму ягоны боль, Толькі слухацца дазволь, Ледзь схіліцца мне дазволь. Што ж, спакойны і гатовы, Я й адклікнуўся на кліч, Адчыню дзвярэй засовы Я без радасці, без мук.
Вы читаете Вершы
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату