Бясшчасны тата мой! Усім адна дарога… I торганьня разлукі ня так катуюць строга, Як тое, любы мой, што ў ноч, ў апошню ноч, Ў цябе із воч Сьляза скацілася аб скрыўджанай душы. Дратуе сэрца мне, цьвікі ў мазгі ўбівае, З грудзей і боль, і стоны здабывае Здагадка страшная: ў гадзіну ўсіх гадзін Ты там адзін, Маўляў, бясплеменьнік усім чужы, сканаў… Адно бліжэйшае, адно б хаця стварэньне, Хаця б ня роднае, хаця бы на здарэньне, Прасіў Вялікага к табе хутчэй паслаць, Каб зь ім аддаць Сваім апошні свой, гарачы свой прывет. Ня меў Ён літасьці, ня даў табе спакою, Ў самоце, ў больніцы жалезнаю рукою Ён сэрца кволага спыніў нятрвалы рух I бедны дух Прымусіў твой пакінуць гэты сьвет. Казаў: «Маліся ты». За што ж, каму маліцца? Ці ж можна праўду нам знайсьці, калі маніцца, У неба чорнае ўляпіўшыся вачмі? З журбой, зь сьлязьмі Нясьці туды сваю найбольшую з надзей? Пабач, гаротны мой: ці ж ты ня моцна верыў? Сьвятою праўдаю ці ж кожан шаг ня мерыў? Сьлязьмі крывавымі ня плакаў? не прасіў? Ня ўсё знасіў, Запомнены празь неба, нязнаны празь людзей? Ці ж меў ты, родны мой, хоць дзень на адпачынак? З гароты, зь беднасьці ці знаў перапачынак За веру гэтую? Ці ж не балеў ты заўсягды, Ня сох зь бяды З душою прэснаю, адкрытаю да ўсіх? Салодкіх мала хвіль, а горкіх натт багата Памеў за жыцьце ты, мой родны, бедны тата, А можа, горкую табе і я хвілінку даў, Не спагадаў Табе калі… Цяпер за гэта выбачай. Няхай пуховаю табе зямелька будзе, Няхай спакой табе твой Пан прысудзе. Я некалі прыйду пад той убогі крыж, Дзе ты ляжыш. I там наплачуся. А пакуль што — прашчай!

27. *** Думкі-дыямэнты…

Думкі — дыямэнты, краскі жыцьця, Песьні — вас гэтак люблю, З вамі салодкіх гадзін забыцьця Часам і я пазнаю.         Жыцьце-няволя ў чужой старане,         Працы надмернай яром         Зараз зьнікаюць, бы ў госьці ка мне         Вы паказаліся ў дом. Слухайце ж, думкі: як прыйдзе мой скон, Ў хатку зьляціце ка мне, Хай перадсьмертны уцішыцца стон, Сэрца на момант спачне.         Хай засьпяваю, як лебедзь, калі         Прыйдзе гадзіна яму,         Ўзьнёсшыся ў неба ад маці-зямлі,         Рыне ў адвечную цьму; Хай засьпяваю аб сьне залатым Веку людскога радства, Роўнасьці, вольнасьці, брацтва — аб тым Веку красы хараства.         Можа, пачуўшы прадзгонны мой сьпеў,         Сьціхла б на сьвеце вайна…         З радасным духам бы я паляцеў         Ў царства каханьня, відна.
Вы читаете Матчын дар
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×