Дайце кавалачак хлеба ёй цьмянага, Дайце пуховага, — дзе ж ёй узяць? Што яна возьме з жыцьця бесталаннага? Дайце, што можаце даць!          Гора памела на сьвеце убогая!          Гляньце: згрыбела, згарбела у крук,          Доля занадта надалася строгая, —          Выбіла шчасьце ўсё з рук. Была дзяўчынаю, была красуняю, Была вагонь, — не глядзі, дзецюкі! Ўглянеш — і сэрца праймецца, як куляю; Мелі пацеху бацькі.          Час надышоў, і была гаспадыняю,          Быў гаспадар багатыр на сяле;          Была над мужам царыцай, княгіняю,          — Бог калі шчасьце пашле! Была і маткаю, была шчасьліваю, Двох аднагодкаў Вялікі ёй даў: Сына малойца, дачку урадлівую, — Скуль дзе і сват пад’язджаў.          Мела Нупрэіха, мела бяздольная!          Дзе ж гэта дзелася, як уплыло?          Што ж, сірацінка, быліца ты польная,          Што учынілась, было? — Ой, мае дзетачкі, Бог мяне, грэшную, Пэўне, за бацькаўскі грэх пакараў, Крыўду ўчыніў да згон-веку няўцешную, Чым надарыў, адабраў.          Неяк асеньняй парою апоўначы          Хатку няведама хто падпаліў,          Я прахапілась, ўскрычэла а помачы:          — Людзі, ратуйце, хто жыў! З крыку майго і сямейка збудзілася, Ледзьве пасьпелі на двор уцячы, Доня за рукі мае учапілася, Просіць: — Матуля, маўчы!          Мужа я ў гэтым пажары пазбылася;          Кінуўся ў хату па скарб — ратаваць, —          Столь падгарэла ў той час, абвалілася…          — Бог захацеў пакараць! Ох! Як пачне калі што руйнаваціся, — Што ні рабі ты, а будзе дарма, Толькі зьнядужаеш, сілаю страцісься, Скуткаў жа добрых няма.          Сын у Сібір ці ішчэ за Сібірамі          Недзе пайшоў на жыцьцё зарабляць,          Разам з дачушкай пайшла я пад дзьверамі          На пагарэлых зьбіраць. Дочка ад часу пажэжы праклятае Чымсь захварэла, няведама чым; Сохла, бляднела, як зелейка сьцятае, Покі ня ўмерла саўсім.          З воласьці мела паперу пісаную:          Сына маскаль занівошта забіў.          Нечым зграшыла дзіцятка рахманае,          Ціхі ж, паважлівы быў… От і жыву я на сьвеце зязюляю Тэй сіратлівай, адна наўсяды. Сьмерць неўздалечку, — свой век перамуляю, Збудуся цяжкай нуды.          Змоўкне — і сьлёзы па твару пакоцяцца,          Хусткай схісьне іх і далей брыдзе,          Ціха ступае, ўсім целам калоціцца…          Ах! пашкадуйце ў бядзе! Дайце кавалачак хлеба ёй цьмянага, Дайце пуховага! Дзе ж ёй узяць?
Вы читаете Матчын дар
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×