Двор сьцеражэ ад людзіны ліхой.Ходзіць стары і мурмоча пад нос:— Ну і пракляты ж сягоньня мароз!Новы кажух прабірае, пся вера,Быццам кажух — не кажух, а папера!Брэша, ня зломіць старога жаўнера, —Панна Эмілья, хай Бог ёй аддасьць,Вызваліць з гора, ня пусьціць прапасьць.Цёнгле, як толькі пачнецца цямнець,Зараз палынаўкі з кухні нясець,Міла глядзіць і ласкава сьмяецца:— Хочаце, можа, Ігнацы, пагрэцца? —Гэткі парадак ня ўсюды вядзецца!Добрае сэрца! Павет абысьці,Роўную паньне, бадай, каб знайсьці…Адвэнт[1] на сходзе. Яшчэ да калядТыдзень астаўся адзін акурат.Неба у зорках, і кожна зь іх зьзяе,Месяц зялёны свой сьвет пасылае,Лёгкі марозік за шчокі хапае,Сьнег пад нагамі прыемна рыпіць, —Ведае варту Ігнацы, — ня сьпіць.Панна Эмілья тым часам сабеВечар праводзіць у нейкай журбе:Нейкія брэдні плятуцца дзяўчыне, —Быццам яна не ў дварэ ахмістрыня,Быццам яна не жывець ў ахвіцыне,Быццам яна немаведама хто,Хочацца сэрцу няведама што.Ўспомніць мамульку, татульку, свой дом,Ўспомніць сябе невялічкую ў ём,Старшага брата і няньку-бабульку,Тэклю, Агатку, Ганульку, Аршульку,Даўных равесьніц… кароўку Рабульку…Дзе яно ўсё? I ня вернеш тых дзён,Зьнікла, як дым, расплылося, як сон!..Страшна і ўспомніць далёкі той год(Чорным яго называе народ), —Пошасьць з касою па сьвеце хадзіла,Панну Эмілью сіроткай зрабіла,Родных, сямейку зямлёю пакрыла.Доля, няйначай, — ў яе ўсё руцэ:Ўзялі паны гадаваць пры дачцэ.Ўстане, паходзіць і сядзе ізноў,Б’ець у галоўку гарачая кроў;Нейкія ў сэрцы парваліся тамы[2],Твар то збляднее, то зробіцца ў плямы…Стане прад маткай сьвятой з Вострай Брамы[3],Просіць: «Прачыстая, згінуць ня дай,Гора адкінь, ад бяды захавай!»Ручкі заломіць, і сьлёзы цякуць…Новыя думкі ізноў набягуць,Жыцьце у людзях сабе выкладае,Цяжкае жыцьце! Хаця спагадаеМаткі заступніца — пані старая,Пан як бы родны, — нявесела жыць!Час у жалобе, ў маркоце бяжыць.Хочацца сэрцайку ласкі ня той, —Хочацца спогадзі паньне другой…Тэкля, Аршулька, Ганулька — малжонкі,Шлюбныя носяць на пальцах пярсьцёнкі…Моліцца панна да ўласнай патронкі:— Панна сьвятая, ты неба ўмалі,Вернага друга мне ў жыцьці пашлі!Потым ўсьміхнецца прыгожа… Каму?Ведама — пэўне, яму аднаму…Рожы[4] цьвітуць на бялюсенькім твары,Што ж тут за цуд і чые ж гэта чары?Праўду сказаць? Вінаваты гусары,Ну, хоць ня ўсе, дык, прынамсі, адзінПаньне прычынай маркотных гадзін.Статны, прыгожы, — праўдзівы жаўнер, —Гляне — як сокал! Які ж кавалер!Майстар на жарты які, на хіхоты,Як удаецца ў шабунькі, ў залёты,Лёсткі пушчаць — навучыся ў яго ты!Як ён часамі умее глядзець,Ў танцы які! — не пазволе сядзець!Ручку як сьцісьне, на вуха шапнеСлоўца такое, што й сэрца замрэ!Шкода, нядоўга яны пастаялі…Толькі тры тыдні ўсяго баляваліГэтта ў дварэ і паехалі далей.