Стаяў, яшчэ лавіў знікаючыя тоны.
Тым часам загрымелі навакол музыкі
Віваты, віншаванні, воплескі і крыкі.
Памалу сціхла ўсё, і вочы ад музыкі
Звярнуліся ізноў на звера труп вялікі.
Ляжаў, скрываўлены і кулямі прашыты,
Грудзьмі уплецены ў траву і ў землю ўбіты.
Развёў пярэднія шырока накрыж лапы,
Яшчэ ўздыхаў, а кроў лілася цераз храпы.
Расплюшчваў вочы, ды ўжо галавы не зрушыць,
Бо п'яўкі Падкаморавы ўпіліся ў вушы:
Па левай - Страпчая, а Спраўнік злы прыссаўся
Па правай старане і кроўю напіваўся.
Аж прут, па Войскага загаду, ушчамілі
Сабакам між зубоў і ляпы так раскрылі.
Перавярнулі дагары цяпер мядзведзя,
І зноў трайны віват аж хмары зрушыў недзе.
'А што? - Асэсар крыкнуў, стрэльбу ўзняўшы ўдала,-
А што мая стральбінка? Наша, наша брала!
А што? Мая стральбінка - дробненькая пташка,
А вось што паказала! Гэта ёй не цяяжа.
Ніводзін дарма не пайшоў з яе ладунак!
Мне князь Сангушка гэткі справіў падарунак'.
І тут паказваў стрэльбу дзіўнае работы,
Хоць дробную, і выхваляў яе даброты.
'Бег я,- прамовіў Рэент, пот абцёршы з твару,-
Бег я за медзвядзём, а Войскі тут з гушчару
Крычыць мне: 'Стой!' Як тут стаяць? Мядзведзь у поле,
Як заяц скача, хоча вырвацца на волю,
Аж дух мне заняло - дагнаць няма надзеі,
Управа глянуў, бачу: кепскія падзеі,
З засады вырвецца, дык стой, кажу, маруха!
На вока ўзяў, і вось ляжыць, сабачы юха.
Вось стрэльба, вось сапраўдная Сагалясоўка,
Кляйма: 'Сагаляс, Лондан а Балабаноўка'.
(Там жыў наш слесар, бо і там жывуць палякі,
Рабіў ён стрэльбы, што такія маюць знакі.)'.
'Як так?- Асэсар пырснуў,- сотня сот мядзведзяў!
Дык гэта, быццам, пан забіў? Што пан там збрэдзіў?'
'Паслухай,- мовіў Рэент,- тут не следства, пане,
А тут аблава! Кожны тут за сведку стане'.
Дык зараз пачаліся спрэчкі і дакоры,
Хто стаў пры Рэенце, а хто пры Асасоры.
Ніхто Гервазага не ўспомніў, забягалі
З бакоў, а што было наперадзе, не зналі.
Прамовіў Войскі: 'Ну цяпер хоць ёсць прычьюа,
Бо гэта ўжо не то што нейкі там зайчына,
А тут мядзведзь, тут варта змераць мэту
І дабівацца праўды, хоць і з пісталета.
Змірыць вас вельмі цяжка, дык старым звычаем,
Змагацца вам у паядынку дазваляем.
Адну я помню між суседзямі нязгоду:
Жьші ў мой час два шляхціцы старога роду
