Пасля пабег праз поле, чым далей ад ліха.
Тым часам з Войскага загаду пні і сучча,
Лісты і верас пачалі скідаць да кучы.
Шугнуў агонь, падняўся дым уверх сасною
І шэрым балдахінам стаў над галавою.
Над полымем стральцы злажылі ў козлы пікі,
На іх катлы падвесілі, пад шум і крыкі.
З вазоў нясуць гародніну, муку, прыправы
І хлеб.
Суддзя куфэрак свой у гонар той аблавы
Дастаў, адкрыў, і пляшак бліснулі галовы.
Ен выняў самы большы буталь адмысловы
(Багаты падарунак ад ксяндза Рабака).
Гарэлка з Гданьска, дарагая для паляка.
'Няхай жыве!- сказаў Суддзя з паднятай чашай,-
Наш горад Гданьск, зноў быць яму ва ўладзе нашай!'
І па чарзе ўсім наліваў лікёр срабрысты.
Пакуль дно залатым не заблішчала лістам.
Бігос варылі ў кацялках. Сказ многаслоўны
Не перадасць той колер, пах і смак цудоўны.
Пачуе мешчанін звон рыфмаў, слоў парадак,
А смак і застанецца толькі ў цьме здагадак.
Каб песні ацаніць літоўскія і стравы,
Здаровым трэба быць, вяртацца трэ' з аблавы.
Ды і без тых прыправаў вельмі смачнай ежай
Бігос бывае. Ўраз з гароднінаю свежай
Капуста квашаная да яго бярэцца,
Што, згодна прыказкі, у рот сама кладзецца.
Закрытая ў катле з прыправамі і з мясам,
Гатуецца, пакуль уся не сойдзе квасам,
Пакуль агонь яе не змякчыць і не сцісне,
А з берагоў начыння з парай вар не свісне
І не напоўніцца паветра араматам.
Бігос гатоў. Стральцы бягуць і зухавата
З бадзёрасцю штурмуюць лыжкамі начынне.
Медзь звоніць, і бігос, як камфара, ўміг гіне.
Знік, паляцеў. І толькі пара ў нетрах чанаў
Бурліць, нібы ў патухшых кратарах вулканаў.
Калі ўжо ўсе даволі падпілі, пад'елі,
На воз усклалі звера і на коней селі,
Усе вясёлыя, апроч двух: Асасора
І Рэента. Яны больш злыя, чым учора,
Бо паспрачаліся за стрэльбу Сангушкоўку
І за балабаноўскую Сагалясоўку.
І Граф з Тадэвушам зрок долу апускалі
З няёмкасці, што прамахнулі і ўцякалі,
Бо на Літве, хто звера выпусціць з аблавы,
Шмат мусіць працаваць, каб зноў дабіцца славы,
Граф гаварыў, што першы кінуўся да пікі,
Ды перашкодзілі яму, на жаль вялікі;
Тадэвуш жа даказваў, што ён, як дужэйшы
І да ўжывання пікі больш, чым Граф, спраўнейшы,
