Прытым, хто знае, ці захоча ажаніцца
З жанчынаю старэйшай! І не так багатай!
А свет што скажа? Сваякі? Лепш іх не кратай!
І з думкамі такімі Талімэна ўстала,
На пальчыкі ўзнялася, быццам падрастала
Адкрыла трохі грудзі, выгнулася бокам
І доўга на сябе глядзела пільным вокам:
Што скажа ёй люстэрка, ведаць захацела,
Пасля ўздыхнула, вочы апусціла, села.
Граф - пан! А панскі густ, звычайна, не трывалы,
Ды Граф бландзін! Бландзін бывае рэдка сталым.
Ну а Тадэвуш? Прасцячок! Хлапчына мілы!
Амаль дзіця! Але з усёй кахае сілы!
Адно глядзець, дык першай не парве завязкі,
Ды ўжо для Талімэны мае абавязкі.
Мужчына малады, хоць трохі ў думках зменны,
Бывае цвёрды ў пачуцці, бо ён сумленны.
І доўга сэрца хлопца носіць успаміны
Пра шчасця час і ўдзячнасць за яго хвіліны.
І хлопец радасна прымае асалоду,
Нібы вясёлую сяброўскую прыгоду.
І толькі п'яніца, віном спаліўшы кішкі,
Гідліва потым пазірае на кілішкі.
Пра гэта Талімэна вельмі добра знала,
Бо розум мела ды і вопыту не мала.
Аднак, што скажуць людзі? Можна б перабрацца
Ў другое месца і ад злых вачэй схавацца,
Або зусім у іншы край перасяліцца.
Найлепш для гэтага падходзіла б сталіца -
Там можна б хлопца вывесці у свет, у людзі,
Пакіраваць, дапамагчы, дзе трэба будзе,
Кахаць, выхоўваць, сябра ў ім мець дарагога
I, покуль сілы служаць, пагуляць нямнога!
І з марамі такімі весела і смела
Прайшлася па пакоі, потым зноў прысела.
Не шкодзіла б падумаць і аб Графа лёсе.
Ці не ўдалося б як яму падсунуць Зосю?
Хоць небагатая, але ж - з арыстакратаў,
Так, як і Граф. Няўжо б яе ён не засватаў?
Каб толькі іх у пару звесці удалося,
Дык бы і Талімэне месца ў іх знайшлося
У будучым. Сваячка Зосі, Графа свацця,
Была б у доме маладых, як быццам маці.
Закончыўшы з сабою гэткую нараду,
Падходзіць да акна і кліча Зосю з саду.
А Зося ў лёгкім плацці з галавой адкрытай
Стаяла на двары, высока ўзняўшы сіта;
Каціўся да яе клубок курэй стракатых,
З другога боку - статак пеўнікаў чубатых
Імчыцца, патрасае шышакоў каралам,
