Вяслуе праз кусты, барозны дружна, валам

Ускідваючы ўгору шпорыстыя ногі.

Індык за імі сунецца надзьмуты, строгі

І жонкі крык сцішае гнеўнай балбатнёю.

А павы, як плыты, хвастамі над травою

Плывуць. I, пакідаючы вышынь прасторы,

Ляціць шматочкам снегу голуб белапёры.

І на кругу зялёным з кветак, зелля, траваў

Сціскаецца рухомы круг крыклівы, жвавы,

Абведзены навокал галубоў істужкай,

Мігцеў той карагод рознакалёрнай птушкай,

Дзе з пер'я мітуслівага, як рыбкі з хвалі,

Чубкі чырвоныя і дзюбы вытыркалі,

Выцягваліся ўгору, быццам водныя цюльпаны,

I, быццам сотні зорак, ясна ззялі вочы.

А над натоўпам птушак - Зосін стан дзявочы.

Яна ўся ў белым - глянеш, і здаецца,

Што там фантан між кветак круціцца і б'ецца.

А Зося сыпала на крыллі і галовы

Рукой, як перлы, белай град густы пярловы

Ячменных круп, прызначаных для хатняй стравы

І ў некаторыя расолы для прыправы.

Так Зося, крупы беручы тайком са скрыні,

Наносіць шкоду гаспадарцы ахмістрыні.

Пачула - клічуць: 'Зося!' - Гэта голас цёткі!

Сыпнула зразу птушкам той прысмак салодкі

I, сітка круцячы, як бубен танцаўшчыца,

І стукаючы ў такт, не ў сілах запыніцца,

Давай скакаць праз курак, галубоў і паваў,

Аж птушкі фуркнулі ўгару ад той забавы.

А Зося ледзь ступнямі землю закранала

І быццам з галубамі ўгору падлятала,

Якія, нібы ўпрэжаныя ў калясніцу,

Ляцелі нізка, не паспеўшы ў неба ўзвіцца.

І Зося з крыкам праз акно ў пакой зляцела,

Задыханая, цётцы на калені села,

А тая з пацалункам, гладзячы, як маці,

З уцехай заўважае прыгажосць дзіцяці

(Бо выхаванку шчыра ад душы любіла).

Але вось перад ёй сур'ёзны твар зрабіла,

Устала і, прайшоўшыся уздоўж пакоя,

На вуснах з пальцам, мовай пачала такою:

'Ну, Зося дарагая, ты ўжо забываеш

Пра ўзрост і стан свой. Ты ж распачынаеш

Год чатырнаццаты, пара кідаць чубаткі -

Гульня з курмі ніяк не для арыстакраткі!

І з дзетварой мужыцкай бруднай, мне здаецца,

Займацца досыць. Зося! Мне аж сэрца рвецца

Ты ж загарэла, усё роўна як цыганка,

А рухаешся, ходзіш, як парафіянка.

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату