І што, каб хіба быў сабака падкаваны,
Тады дагнаў бы мо па гэткай камяніцы.
Разумна ўмелі на дэталях запыніцца.
Каб слухачы хацелі, многа б скарысталі,
Але не слухалі. Адны пасвістваць сталі,
Пасмейвацца другія, іншыя ў той хвілі,
Мядзведзя ўспомніўшы, аб ім загаварылі.
А Войскі толькі раз за зайцам вокам кінуў
I, ўбачыўшы, што той між дрэў у лесе згінуў,
Вось так свой сказ канчаў: 'Дык жа на чым мы сталі?
Ага! на тым, што слова мне абодва далі
Страляцца праз мядзведзя скуру. Шляхта гнеўна
Крычыць: 'Дык гэта ж дула ў дула! Смерць! Напэўна!'
Я ў смех, бо чуў ад Мара, мудраца старога,
Што скурай звера можна змерыць вельмі многа.
Вядома вам, панове, што Дыдо-царыца,
Прыбыўшы ў Лівію, рашьша там спыніцца
І гэтакі зямлі палетак старгавала,
Які б накрыць адной валовай скуры стала.
На тым кавалку поля вырасла Карфага!
Вось гэта абмяркоўваў я ўначы з увагай.
Ледзь стала днець, Давэйка едзе ў тарадэйцы
На зборны пляц, насустрач коннаму Дамэйцы.
Глядзяць, ажно праз рэчку мост ляжыць касматы
З мядзведжай скуры, зрэзанай на паскі-латы.
Паставіў я Давэйку на хвасце мядзведзя,
Дамэйцы ж месца выпала за рэчкай недзе.
'Цяпер страляйцеся,- кажу,- хоць і да смерці,
Але без згоды з месц вас не пушчу, паверце'.
Яны - у злосць, а шляхта поўзае ад смеху.
Тут я з ксяндзом давай адводзіць іх ад грэху
Евангеллем, законам. Просім грамадою.
І так прыйшлося ім адмовіцца ад бою.
Выпадак гэты да іх дружбы прычыніўся.
З Дамэйкавай сястрой Давэйка ажаніўся,
Тады Дамэйка шваграву сястру засватаў.
Маёмасць роўна падзялілі, як брат з братам,
А месца, што праславілася справай гэткай,
Карчму паставіўшы, зваць пачалі Мядзведкай'.
Кніга пятая. Звада
Змест: Паляўнічыя планы Талімэны. Гароднічка рыхтуецца ў вялікі свет і выслухоўвае навукі апякункі. Стральцы вяртаюцца. Вялікае здзіўленне Тадэвуша. Паўторнае спатканне ў Святыні дум і згода, наладжаная дзякуючы мурашак.. За сталом пачынаецца гутарка пра паляванне. Перапыненая аповесць Войскага пра Рэйтана і князя Дынасаў. Спробы перамоў паміж бакамі, таксама перапыненыя. Постаць з ключом. Звада. Граф з Гервазым праводзяць ваенную нараду.
Вяртаецца пан Войскі з перамогай з бору,
А Талімэна дома, вочы ўзняўшы ўгору,
Распачынае ўловы. Праўда, нерухома
Сядзіць, на грудзі склаўшы рукі, ды без стомы
У думках гоніць двух звяроў і разважае,
Як іх злавіць абодвух. Думкай абкружае
Тадэвуша і Графа. Граф, хоць і прыгожы,
І з роду знатнага, кахае ўжо, быць можа,
Ды гэткага пачуцці могуць адмяніцца,
