З сягонняшняга дня ўжо гэтага не будзе,

Сягоння выведу цябе на свет, у людзі,

К гасцям. Гасцей, як ведаеш, цяпер тут многа.

Глядзі ж, каб сораму не выйшла мне якога'.

Тут Зося ўскочыла і пляснула ў далоні,

I, ўпаўшы радасна на цётчынае ўлонне,

Смяялася, аж пераходзячы да плачу.

'Ах, цёця! Я ўжо так даўно гасцей не бачу!

З тых пор, як сябрам стаў мне птушнік наш вялікі,

Адзіны госць ка мне заглянуў-голуб дзікі.

Было мне трохі сумна, міленькая цёця,

Аж пан Суддзя ўжо спачуваў маёй самоце'.

'Суддзя даўно,- сказала цётка,- ў людзі хоча

Цябе увесці і здаўна тым коле ў вочы,

Што ты ўжо вырасла. Не знаецца на гэтым

Дзядуля наш, з вялікім не абжьггы светам.

Мне легпп вядома, колькі трэба рыхтавацца

Паненцы, каб нарэшце свету паказацца.

Хто між людзьмі расце, няхай сабе прыгожы,

Няхай разумны, ўражання зрабіць не можа,

Таму што ўсе к яму прывыклі ад дзіцяці.

А досыць толькі новай выплысці пастаці,

Што выхаваннем і красою блісне хоць нямнога,

Тады к ёй ціснуцца адзін цераз другога,

Каб толькі як найлепш разгледзець тварык новы,

Рух кожны ацаніць, паслухаць свежай мовы.

Як стане моднаю асоба маладая,

То на'т яе той хваліць, хто й не ўпадабае.

А як вясці сябе, ты, спадзяюся, знаеш,

Расла ў людзях. Хоць тут другі год пражываеш,

Ды, пэўне, не забылася аб Пецярбурку.

Дык туалет распачынай. Вазьмі у бюрку

Усё патрэбнае табе для прыбірання,

Ды хутка, бо прыедуць зараз з палявання'.

Тут пакаёўку клікнула. Загад дзяўчыне

Дала вады ў сярэбранае ўліць начынне.

І Зося, быццам птушачка ў пясочку, мые

З падмогаю дзяўчыны рукі, твар і шыю.

А цётка пецярбургскія бярэ прылады,

Духоў вымае пляшкі, слоікі памады

І лепшымі духамі пырскае на Зосю

(Аж пах ідзе вакол), памадзіць злёгку косы.

І Зося ўсцягвае ажурныя панчошкі

І туфлікі варшаўскія кладзе на ножкі.

Тым часам пакаёўка шнуравала станік,

Пасля, накінуўшы на плечы пударманік,

Да месца пачала загортваць папільоты

І волас недаўгі звівала ў два заплёты,

А грыўку гладка па-над тварам разабрала

I жменьку васількоў, што толькі вось сабрала,

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату