бяжы ў клас, а то i ты не паспееш.
Давялося iсцi.
Заходзiць Галiна Сiдараўна i абводзiць вачамi клас. Насуплiвае бровы, пытае:
- А дзе Рэнь?
Я падхоплiваюся з месца:
- Няма нешта... Не ведаю... Усю вёску аблётаў...
Галiна Сiдараўна толькi мацней насуплiвае бровы.
Урок пачынаецца. Я пiшу механiчна, нават не думаючы, што пiшу. I мне зусiм не страшна, я зусiм не думаю пра кантрольную. Я думаю пра Яву. Дзе ён? Што з iм? Гэта проста не ўмяшчаецца ў галаве! Нешта здарылася... Можа, штосьцi непапраўнае?.. Але - што? Што? Учора ж мы бачылiся, i ўсё было ў парадку. Разышлiся позна ўвечары, калi трэба было спаць. Дамовiлiся, што я ранiцай зайду. 'Можа, ён ужо нежывы?' - халадзею я.
- Цяпер уважлiва праверце i здавайце, - ласкава-ласкава, як нiколi, кажа Галiна Сiдараўна i ўсмiхаецца нам, падбадзёрваючы.
Сапуць вучнi, уткнуўшыся насамi ў кантрольную, - правяраюць. Аж пот на лбе выступiў ад напружання.
У мяне ў вачах лiтары скачуць рассыпаюцца ва ўсе бакi - не чытаецца. Не магу.
Вунь падхапiўся Карафолька, панёс. Першы. Выскачка!
Вунь ужо i Мацiеўскi, i Грабянючка панеслi. А я яшчэ i да палавiны не дапоўз.
I раптам - дзверы расчынiлiся i ў клас уляцеў Ява.
Я ажно падскочыў: жывы!
Жывы-то жывы, але - ну i ну! - якi ў яго выгляд! Задыханы, брудны, мокры, у тванi з галавы да ног.
Услед за iм у клас укацiўся такi ж запэцканы Сабакевiч.
Галiна Сiдараўна адступiла назад i ледзь не ўпала.
- Што гэта значыць?
Ява маўчаў, апусцiўшы галаву. I Сабакевiч не гаўкнуў, як у мiнулы раз, не загырчаў нават, а падцяў хвост i схаваўся за Яву.
- У цябе нешта здарылася?! Што адбылося? Дома?
Ява маўчаў.
- Дзе ты быў?
Ява нарэшце растулiў вусны:
- У плаўнях.
- Што?!. У плаўнях? Што ты там рабiў?
Ява апусцiў галаву яшчэ нiжэй i цiха сказаў:
- Лавiў рыбу.
Мне здалося, што ўнутры ў Галiны Сiдараўны адбыўся выбух. I па ўсiм класе разляцелiся асколкi.
- Што?!. Што?!. Ты пайшоў лавiць рыбу?! Ну... ну, ведаеш, гэта ўжо занадта! За-над-та! Гэта проста... проста абурае! Дык вось - пiсаць кантрольную будзеш восенню! Як двоечнiк! Май на ўвазе, што ты атрымаў двойку! Будзеш цяпер цэлае лета рыхтавацца.
Яшчэ нейкае iмгненне Ява стаяў, не верачы ў тое, што адбылося. Потым крутнуўся на месцы i як ашпараны выбег з класа. Верны Сабакевiч - за iм.
- Хто здаў работу, можа iсцi, - ледзяным голасам сказала Галiна Сiдараўна. Але нават калi б яна не сказала гэта - я не застаўся б у класе.
Не думаючы нават дачытваць дыктант, я кiнуў яго на стол i выскачыў за дзверы.
Аднак Яву я ўжо не ўбачыў. Я памкнуўся ў адзiн бок, у другi - Ява знiк.
I зноў я бегаў па вёсцы, выцягнуўшы шыю, i зазiраў ва ўсе куткi. Але дарэмна. Явы не было.
I вы не думайце - я шукаў яго не для таго, каб спачуваць (хiба супакоiш чалавека ў такi час!). Я толькi хацеў, каб ён бачыў, каб ён ведаў, што я падзяляю яго гора i здольны дзеля яго на ўсё. Я нi слова не сказаў бы яму, толькi падняў бы вочы, i ён бы ўсё зразумеў.
I яшчэ - я ламаў галаву: што ж здарылася? Чаго ён апынуўся ў плаўнях? Гэта лухта, што ён лавiў рыбу - нiколi ў жыццi! Ён нiколi не пайшоў бы туды без мяне. Не паверу, хоць зарэжце! Мабыць, гэта звязана са шпiёнскiмi справамi. Але калi ён паспеў? Пайшоў вечарам? Без мяне? Нiчога не разумею.
Доўга я блукаў па вёсцы. I да рэчкi хадзiў, i на выган, i на могiлкi нават зазiрнуў (мы там калiсьцi вераб'ёў лавiлi).
Потым падумаў: 'Можа, ён ужо дома - абед хутка'. Падышоў, выглядаю з-за плота асцярожненька (не хочацца дзеду на вочы трапiць, каб не распытваў). Не вiдно нешта Явы.
Па суседству, за высокiм парканам - сядзiба Кныша. Ды i сам ён вунь сядзiць на даху новай, не дабудаванай яшчэ хаты, кладзе чарапiцу.
Выйшаў на вулiцу дзед Варава - з вядром, да калодзежа.
Пабачыў Кныш дзеда Вараву, гучна павiтаўся з вышынi:
- Добры дзень, дзеду!
- Здароў! - буркнуў нявесела дзед.
Тады Кныш неспадзявана, з наўмысным спачуваннем:
- Я чуў, што ў вас непрыемнасць вялiкая. Хлопчык ваш дыктант у школе правалiў. Адзiн на ўсю вёску... Вось, яй-бо!
Сярдзiта маўчыць дзед Варава. Моўчкi выцягвае з калодзежа вядро.
Кныш нязручна павярнуўся, седзячы на чарапiцы, i ледзь не паехаў па даху ўнiз.
Я з нянавiсцю гляджу на яго i, сашчапiўшы зубы, паўтараю ў думках: 'Упадзi! Упадзi! Упадзi!'
Дзед Варава моўчкi выслухаў Кныша, выцягнуў вядро i, не прамовiўшы нi слова, патэпаў у хату.
Кныш пачаў усаджвацца лацвей i раптам паслiзнуўся, сарваўся, прагрукацеў па даху i - гоп! - на зямлю. Нiбы падзейнiчала маё закляцце.
Я радасна загiгiкаў. Кныш, крэкчучы, падняўся. У гэты час з хаты (старой, што каля новай) выйшла Кнышыха.
- О, ты ўжо злез? - спакойна запытала.
- Злез, злез! Каб ты ўсё жыццё так злазiла! - сярдзiта прахрыпеў Кныш, пацiраючы пабiтае месца.
Тут мяне ўбачыла мацi i паклiкала абедаць.
Пасля абеду да саменькага змяркання я хадзiў па вёсцы як сам не свой. Месца сабе не знаходзiў.
Апусцiўся на зямлю сiнi вечар. Засвяцiлiся ў хатках вокны, прабiваючы чорны змрок садоў. Сеў я пад Явiным плотам i вырашыў - хоць да ранiцы буду сядзець, а дачакаюся. Каб было мякчэй - сена ў суседзяў цераз дарогу з капiцы наскуб. Толькi добранька ўмасцiўся - зiрк, Ява. Паволi-паволi, як прывiд, сунецца.
Падхапiўся я, сарваўся з месца, хацеў да яго кiнуцца, ды адразу i спынiўся. Успомнiў - не да мяне яму цяпер, перад адказнай 'сяброўскай' сустрэчай з дзедам. Не паклiкаў я яго, нават не варухнуўся, каб не паказаць, што я тут.
Схiлiўшы сваю грэшную галаву, важка ступiў Ява на ганак. Зарыпеў дзвярамi. Знiк.
А я гляджу на асветленае акно хаты затаiўшы дыханне. Мiльгацяць у акне ценi, чуваць гнеўны голас дзеда Варавы - усё гэта сведчыць пра тое, што 'сяброўская' сустрэча пачалася адразу з лiку адзiн-нуль не на карысць Явы.
I пры кожным гуку, пры кожным руху ценяў уздрыгваю я, нiбыта са мною праводзiць 'матч' дзед Варава.
РАЗДЗЕЛ VIII
Што здарылася з Явам. 'Не паеду я...'. 'Дзяцей б'юць толькi iмперыялiсты...'
Ранак быў сонечны i блiскучы, як новыя чаравiкi.
Не ранак, а песня звонкая пiянерская.
Але сэрца маё не спявала, не. Прачнуўшыся, я адразу ўспомнiў пра Яву.
Я падхапiўся i як ашпараны кiнуўся да яго - як жа ён там, як?
Праскочыў гарод i спынiўся каля крывой грушыны.
Ява сядзеў на прызбе i рэзаў бульбу i буракi для свiннi. Я разгубiўся. Я не пазнаў яго. Хiба гэта ён, геройскi Ява, той, хто першы сярод хлопцаў скочыў у рэчку з саменькага вяршка старой вярбы? Той, хто выпусцiў у клубе на лекцыi савяня! Хто павесiў дзедавы споднiкi на тэлевiзiйную антэну? Не, гэта не ён! О