здзічэлы ад жаху чалавечы крык. «Немцы! ? мільганула ў хлопца здагадка, ад якой пахаладзела ўнутры. ? І ў тыле немцы!..»

9.

Адзін з двух, каго паўгадзіны таму ўбачыў на лёдзе Жаркоў, быў радавы Рыбчонак.

Ён упаў тут, як толькі першыя кулямётныя трасы пранізалі ноч, ? упаў, дзе бег, на лёд ля кустоў, сцяўся ўвесь, задрыжэў ад неспадзёўкі і першаю яго думкай было: «Прапаў!».

Рыбчонак сапраўды быў прыглушаны мінаю і не прыкід-ваўся, калі перапытваў, бо недачуваў. Каманды Жаркова

ён не пачуў зусім, але пад святлом ракет неўзабаве ўбачыў, што байцы перапаўзлі да ўзмежку. Ля яго ўжо не было ніко-га, адзін толькі паранены незнаёмы сувязіст жахліва стаг-наў, бы прыдушаны, ? выціскаў з грудзей натужна-неда-рэчнае «а-а-а-а-а!.. а-а-а-а-а!..». Ён ужо бадай што не кра-таўся, не клікаў на дапамогу, і Рыбчонак не дужа і звяртаў на яго ўвагу. Абвостраным чуйным пачуццём баец адразу згадаў, што і другая атака «лопнула», што яны зноўку трапілі ў бяду ды яшчэ горшую, чым першы раз, бо адступаць цяпер, калі ўжо дабраліся сюды, яны не маглі. І ён адчуў блізкую пагібель над сабой. Крыху ажывеўшы праз хвілін пяць, хацеў падацца ў кусты, назад, але там гуляла траскоцце ад разрыўных, а наперадзе праз пяцьдзясят крокаў быў узмежак. І, пакінуўшы на лёдзе нерухомае, ёнклівае цела сувязіста, Рыбчонак у кароткі між дзвюма ракетамі прамежак цемры хуценька падпоўз туды, дзе ляжалі ўсе і, як і ўсе, падбіў галаву пад узмежак.

Так ён ляжаў, мусіць, доўга.

Немцы абрушылі на гэтае невялічкае сховішча пякельны агонь, і ў Рыбчонка расло перакананне, што наперад ім дарогі не будзе. Ён пачаў чакаць таго моманту, калі хто першы кінецца назад, бо, думаў ён, і тут, на ўзмежку, ляжаць нельга ? спакваля іх пераб’юць па адным. Ён ужо шкадаваў вельмі

і лаяў сябе за тое, што не застаўся ў кустах, усё ж там было далей ад гэтага пекла і, можа, як-небудзь пашанцавала б уратавацца.

Але назад ніхто не ўцякаў. Аднойчы па ланцугу, лаючыся, прабег апантаны Жаркоў, пасля ён упаў і прапаў недзе,

і ў Рыбчонка разам з устрывожанасцю з’явілася і кароценькая помслівая злараднасць ? так яму і трэба! (Ён быў злосны

на сяржанта, што той не дазволіў яму пайсці ў санчасць.) Хоць бы на адну ноч, на адну толькі жахлівую ноч вырвацца

з гэтае роты, у якую яго ледзьве не сілком зацягнуў вайсковы лёс, а там, можа б, як і ўдалося выжыць… Але менавіта вайсковы лёс прыпёр цяпер яго да вялізнай нябачнай сцяны смерці, якая няўхільна паўстала на яго жыццёвым шляху,

і Рыбчонка ахапіў жах блізкай пагібелі.

Так, лежачы пад узмежкам, прыдушаны сваімі пакутамі, Рыбчонак раптам заўважыў, што варожы агонь пацішаў, перасталі трэсці зямлю мінныя выбухі, змоўклі бліжнія кулямёты, недзе знікла буйнакаліберная цяжкая тарахцелка, што біла з фланга. У святле чарговай ракеты ён ціхенька прыўзняў голаў і ўбачыў, як нехта сігануў цераз узмежак пад плот, іншыя, відаць, ужо раней паўставалі і падаліся наперад, і цяпер тут паблізу не было нікога.

Значыць, усё ж пайшлі? Пайшлі ў атаку, туды, у новае пекла, бліжэй да ворага. Гэта зноў пасля кароценькай палёгкі засмуціла Рыбчонка. Як добра было цяпер кінуцца ў кусты, назад, далей ад гэтага ліха! Але ўцячы, ведаў ён, было нельга. У тыле для яго, здаровага, месца няма, там начальства, заградатрады, трыбунал і штрафныя роты. Трэба было неяк хіт-рыць, выкручвацца, быць тут і ў той жа час з усіх сіл ратаваць сябе ? ратаваць, каб выжыць, не зважаючы ні на што.

Калі стала цёмна, ён устаў, пралез пад плот, трошкі прабег па гародзе. Нідзе нікога не было чуваць. «Ці, можа, пабіла,

ці ўжо так далёка адбегліся?» ? падумаў Рыбчонак. Але агонь сапраўды стаў рэдкі, напэўна, перадавое нямецкае ахраненне адышло і дало магчымасць нашым падысці бліжай да вёскі. Рыбчонак, прыгнуўшыся, яшчэ падбег крыху і ўпаў, пільна ўзі-раючыся ў цемру і вельмі асцерагаючыся нарвацца дзе на якое ліха.

Так ён перабег вузенькую палоску гарода, пераскочыў яшчэ адзін узмежак, наперадзе на фоне зорнага неба з’явіўся хмызнячок, пэўна, які садок ці вішэннік. Здалося яму, там нехта варухнуўся, адпаўзаючы. «Добра, ? падумаў Рыбчонак, ? хай ідзе першы, я за ім». Самае непрыемнае ў атацы было ісці наперадзе ўсіх, нават на крок, на паўкрока першым, і чым далей ззаду ад іншых, тым было лепей. Рыбчонак заўжды вельмі дбаў, каб неўпрыцям не апярэдзіць каго, бо першаму ? першая куля, першы ? гэта пэўны смяротнік.

Паляжаўшы крыху, ён падумаў, што трэба яшчэ трошкі пра-бегчы, каб лепей бачыць таго, у вішэнніку, і кіраваць за ім. Ка-лі той падасца наперад, тады пабяжыць і ён, калі той будзе ляжаць, не ўстане і Рыбчонак. Той, наперадзе, будзе яго заслонай.

Але раптам сталася штось нечаканае. Варта было яму ледзь варухнуцца, устаючы, як з цемры вішэнніку бліснула, нешта коратка ірванула паветра над яго галавой і адначасна тузанула шынель на спіне. На лапатцы адразу запякло, нейкая мокрая цеплыня заказытала цела пад вопраткай. Рыбчонак спачатку

Вы читаете Пасля Жыццё
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату