нямец-ка-рускі размоўнік, што ён заўсёды насіў у кішані шыняля. Насіў да той памятнай начной бамбёжкі ў Оршы, калі Хольц гэтак бязглузда згубіў боты, санітарную сумку і шынелак
з тым самым размоўнікам. Праўда, сансумку яму неўзабаве выдалі новую, боты ён таксама прыдбаў у фельдфебеля батальёну Зудермана, а шыняля з размоўнікам так і не расста-раўся аж да гэтага жахлівага бою. Зрэшты, цяпер і тое, і дру-гое было б яму вельмі дарэчы. Асабліва шынелак.
Усё ж пакуль выручала палатка – штатная камуфляжная трохвуголка з металічнымі правушынамі па ражках, без яе ён, мусіць, прапаў бы.
Адышоўшыся на тры-чатыры траншэйных калены, обер-яфрэйтар асьцярожна выглянуў з-за бруствера – тая руская жанчына была ўжо далекавата, можа, на самым версе пагор-ку, цяпер яна бегла без аніякай ношы – значыць, клумачак пакінула ў гэтага параненага рускага. Цікава, якога яна ўзросту, гэтая жанчына, можа, маладая, падумаў Хольц. Па-ранены, мабыць, таксама малады афіцэр ці сяржант, і ў іх, магчыма, каханьне, можа, такое, як апісваецца ў рускіх раманах Талстога ці Дастаеўскага. Гэта, канешне, здорава – каханьне да параненага салдата, яна клапоціцца аб ім, ле-чыць, носіць ежу і захоўвае вернасьць навек. А калі ён пам-рэ, дык яна паступіць у манастыр і будзе да канца сваіх дзён маліць за яго бога. Прыгожае каханьне, шкада, у нем-цаў такое не прынята.
Хольц адышоўся па траншэі далекавата ад бліндажу, сьмялей паглядзеў па-над брустверам – на касагорыну і на шырокую разлогу тарфянога балота, месцамі залітага вадой. Мясцовасьць тут паніжалася, было болей стаячай вады, дно траншэі ператварылася ў гразкае месіва, і ён далей не пайшоў. Пад вечар рабілася холадна, у траншэях гуляў ней-кі асаблівы траншэйны скразьняк, ён даўно ўжо прабіраў лёгка апранутага обер-яфрэйтара. Зноў жа, сыпаў гэты на-дакучлівы дождж. Схавацца ад дажджу тут проста не было дзе. Праўда, на тым фланзе, бліжэй да дарогі, было некалькі пяхотных нораў, у якіх можна было б трохі затуліцца ад даж-джу. Але там, ля дарогі, было, мусіць, больш небясьпечна, чым на гэтай балацявіне, і Хольц
