Беларусь, твой народ дачакаецца
Залацістага, яснага дня.
Максім Багдановіч Я не дбаю пра ўласную славу, Не чакаю сабе ўзнагарод. Толькі крыўдна даўно за дзяржаву I за свой цягавіты народ. На здзіўленне суседняму люду, Ён зусім не такі, як усе, — То прыгрэе дурнога прыблуду, То вар'ята высока ўзнясе. I на лес свой пасля наракае 3 непазбыўнай святой прастатой, Што і хата ў яго не такая, I набытак чамусьці не той. I ніяк не збярэцца Краіну I прыбраць, і дагледзець як след. Уздыхае, Што Бог яго кінуў I адрокся багаты сусед... Дык ці здольныя з поўнаю кайстрай Мы па свеце ісці, як раўня, Каб народ наш Усё ж дачакаўся Залацістага, яснага дня?.. *** Легенды час развенчвае, Выпальвае датла. Я думаю пра вечнае (Мая пара прыйшла). Пра тое непадманнае I ў хаце, і ў царкве, Што не дзяржаўнай маннаю, А сухаром жыве. Пра тое непараднае, Што многім не відно. Па тэле і па радыё Не хваліцца яно. Пра тое несмяротнае, Што век не задушыць, Што чыстай песняй роднаю Струменіцца з душы. Пра тое непаўторнае, Што маем на зямлі, Каб не з жабрацкай торбаю, А горда ў свет ішлі. Пра вечнае, Пра вечнае, Асноўнае з асноў, Дзе Беларусь прасвечвае 3 усіх легенд і сноў... *** За кармушкаю ўслед не бегаю I не каркаю, як усе. I таму варонаю белаю Станаўлюся я пакрысе. Чарадою крыклівай ходзячы, Натапырыўшыся ў імгле, Падазрона глядзяць суродзічы На нязвыклыя крылы мае.