Ліпы старыя шумяць за сьцяною, Жаласна, глуха шумяць,Смутна ківаюць, трасуць галавою, Толькі галіны рыпяць,Пышны убор іх, лісты, пазрываны, Вецер разьвеяў, разьнёс.Нудна і ім за астрожным парканам, Цяжка ім зносіць мароз.Плачуць гаротныя ліпы старыя, Плачуць на долю сваю:Пышна расьлі мы, цьвілі маладыя, Добра было у гаю.Вольныя птушкі вакол шчабяталі, Божыя пчолкі гулі,Тоўстыя вязы ад бур нас хавалі, Сеткі дубы нам плялі.Белыя хмаркі над намі гулялі, Беглі ў няведамы край,Чыстыя росы, як срэбра, блішчалі, Гоманам поўніўся гай…Там бы хацелі расьці, красавацца, Дол дзе капае ральнік,Родную песьню дзе ціха сьпявае Сын Беларусі, мужык.Нас перанесьлі на глебу чужую — Сьвету, прастору няма.Ўсе нас забылі, ніхто нас ня чуе, Чуе нас толькі турма.
Гусі
Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй.Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой.З поўначы-холаду, сіверу бурнага Гусі на поўдзень ляцяць,Зь неба далёкага, стэпу лазурнага Смутна прашчаньне крычаць.Дзікія гусанькі, птушачкі вольныя, Весьнікі скорай зімы!Хочацца з вамі мне ў стэпы прасторныя, К сьвету і сонцу ад цьмы.Толькі ж падрэзаны крыльлі свабодныя: Моцна пільнуюць мянеДзьверы акутыя, сьцены халодныя, Краты жалеза ў акне.
Хмары
Хмары, хмары, што па небе Ходзіце гарамі!Каб меў крыльле, паляцеў бы Я на волю з вамі.Паляцеў бы ў край той родны, Дзе так сэрцу міла,Дзе я вырас, дзе мне радасьць Моладасьць суліла.